Журналіст на балоце, ці Як я збірала журавіны ў «ягадным туры»

Апошні дзень кастрычніка карэспандэнт «ЛВ» правёў актыўна і з карысцю. І адправіўся на балота збіраць каштоўную ягаду.

«Ягадны тур» з’явіўся ў нашым раёне сёлета. Сутнасць яго простая: група жадаючых адпраўляецца ў лес і разам з інструктарам-метадыстам ФСК некалькі гадзін збірае ягады. Упершыню апрабаваць маршрут адправіўся і карэспандэнт «Ляхавіцкага весніка».

Перад выездам мне ўручылі памятку, дзе падрабязна распісана, што трэба ўзяць з сабой. У спісе неабходных рэчаў шмат пунктаў: рукзак, трохлітровае вядзерца са шнурком для збору ягад, пальчаткі, гумовыя боты, цёплае адзенне, галаўны ўбор, зараджаны мабільны тэлефон, ежа, пітная вада, пры неабходнасці лекі.

Вечар пайшоў на падрыхтоўку. Усё праверана, складзена – можна адпраўляцца ў лес.

У суботу ў 7.40 раніцы каля спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву нас чакаў «бус». Канчатковы пункт маршруту – лясны масіў за вёскай Навасёлкі Крывошынскага сельсавета. Шлях не блізкі, але не сумны: падчас падарожжа за акном праплывае не адна вёска з непаўторнымі краявідамі.

Пра тое, што збіраць карысныя ягады жадаючых шмат, красамоўна кажуць аўтамабілі на абочынах, якія мы заўважылі, пад’язджаючы да пункта прыбыцця.

Выгружаемся, пераабуваемся –і за журавінамі! Спачатку вельмі складана прывыкнуць, што ў прамым сэнсе зямля прападае з-пад ног.

Яшчэ адзін нюанс – ісці трэба строга па пратаптаных сцежках, бо можна праваліцца і, у лепшым выпадку, набраць поўныя боты вады.

Балота сустракае нас прахалодай і чысцейшым паветрам, ад свежасці якога нават трохі пачала кружыцца галава. І з надвор’ем нам пашанцавала: на пад’ездзе ў лес церусіў дожджык, але ён хутка прайшоў, выглянула сонца.

Пратаптанымі сцежкамі мы даходзім да ягадніку. Наша кампанія пачынае паціху разыходзіцца, але ўсе застаёмся ў полі зроку адзін аднаго.

Як неспрактыкаваны зборшчык ягад, спачатку трохі разгубілася. Як ні старалася, не магла разглядзець журавіны:

– І дзе яны? І што тут збіраць?

Але літаральна некалькі крокаў – і на купіне пачынаюць праглядацца жамчужынкі-ягадкі. Вось адна абсыпаная ягадамі купіна, другая, трэцяя… Толькі паспявай перабіраць рукамі і збіраць каштоўную ягаду ў вядзерца. Кожная журавінка адна да адной: буйная, сакавітая.

Тое, што ў памятцы няма няважных пунктаў, пераканалася на сабе. Не ўзяла шнурочак, каб прывязаць вядро. Але тут мяне выручылі больш дасведчаныя калегі. Сапраўды, так збіраць было значна зручней.

Прыкладна за дзве гадзіны колькасць ягад пераваліла за сярэдзіну вядзерца. Быў час адпачыць, перакусіць. Якімі ж смачнымі на свежым паветры мне здаліся самыя звычайныя бутэрброды і вада.

Да чатырох гадзін маё пяцілітровае вядзерца напоўнілася да краёў. З пакетамі, вядзерцамі, бітончыкамі паволі «сцягваліся» і калегі-ягаднікі.
Задаволеныя і трохі стомленыя, мы па дарожках пабрылі да «буса». Перакусілі і адправіліся дадому.

Так, гэта не экскурсійны тур у звыклым яго разуменні. Вам не пакажуць славутасці, помнікі архітэктуры або побыту. Але ў ім ёсць сваё зачараванне: за адносна невялікую суму вы зможаце патрапіць на балота, надыхацца свежым паветрам, атрымаць асалоду ад цішыні. А як прыемна піць чай з варэннем з карысных журавін, сабраных сваімі рукамі. А ў наступным годзе аналагічны маршрут будзе распрацаваны за буякамі і чарніцамі, абяцаюць у ФСК.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота з архіва аўтара.