Ліга «Начы». ДП «Нача» фарміруе прэм’ер-лігу раённага аграпрамысловага комплексу

Аператар машыннага даення Наталля Дараневіч.

Гэта ўпэўненасць заснавана на жалезных аргументах, у якасці якіх заўсёды выступалі ключавыя паказчыкі эканоміка-вытворчай дзейнасці: ДП «Нача» фарміруе прэм’ер-лігу раённага аграпрамысловага комплексу. Яе кола вузкае – уключае пару-тройку прадпрыемстваў – і даволі канкурэнтнае.

Напярэдадні прафесійнага дня начаўскія аграрыі зрабілі сабе, раёну ды і вобласці ў цэлым знакавы падарунак: пачалося запаўненне другога кароўніка малочнатаварнага комплексу «Зубелевічы». Шэсць дзясяткаў першых пастаяльцаў старое-новае памяшканне прыняло два дні назад. Далей – па нарастанні, да праектна-разліковых 240 галоў. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк, гэта была радыкальная рэканструкцыя старога будынка, ад якога засталіся толькі «клюшкі» і сцены, што былі дапоўнены-прадоўжаны. Ва ўсім астатнім – новы век і абсалютна іншы канцэпт. Сучасная тэхналогія, пад яе ж абсталяванне. У сувязі з гэтым і для дакладнасці нагадаем, што ў сваім новым – «начаўскім» – фармаце МТК «Зубелевічы» запрацаваў з пачатку бягучага года. Тады на з нуля пабудаваным кароўніку паступова было размешчана 360 галоў дойнага статка. Сёння ад кожнай з гэтых каровак гаспадарка атрымлівае ў сярэднім 18 кілаграмаў малака. Там усё экстрасучасна аснашчана, дакладна арганізавана. Адпаведна і якасць прадукцыі – толькі экстра-гатунак.
Але што тыя, няхай сабе і максімальна інтэлектуальныя, робаты з аўтаматамі? Палёгка ў рабоце, інструмент у руках працаўніка, майстра сваёй справы. У «Начы»,
па меркаванні дырэктара, такіх нямала. А ёсць і, што называецца, самыя-самыя. Вытворчае надвор’е на МТК «Зубелевічы» робяць, у тым ліку, аператар машыннага даення Святлана Янушкевіч, цялятніца Валянціна Зяйналава, на МТФ «Цэнтр» –
калега першай Надзея Жалнярэвіч. На жніўным полі выдатна папрацавалі экіпажы камбайнаў у складзе Эдуарда Чалядкі і Уладзіміра Падгурскага, маладзёжны тандэм, які фарміравалі Уладзімір Купрыш з Яўгеніем Коктышам. Ды і іншыя начаўцы з «прафсаюза» што жывёлаводаў, што раслінаводаў, што працаўнікоў іншых цахоў і службаў гаспадаркі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.