Да ўраджаю шлях не блізкі. ААТ «Шлях новы» зрабіла ўпэўнены крок на шляху да ўраджаю-2021

Аператары машыннага даення Алена Пронька і Алёна Арцём.

І, як усе іншыя, пачынаецца з першага кроку. Кропка адліку, канешне, дастаткова ўмоўная, але калі прыняць за такую пасяўную кампанію, можна гаварыць, што ААТ «Шлях новы» зрабіла ўпэўнены крок на шляху да ўраджаю-2021.

Як расказаў галоўны аграном Іван Захар’ян, азімую сяўбу гаспадарка завяршыла на лічбе, большай за 2,5 тысячы гектараў. Аснову зерневага кліна – паўтары тысячы гектараў – складзе пшаніца, 650 – рапс.
– Упор робім на азімыя. Пад вясну застанецца соцень пяць гектараў зерневых і кукуруза, пад якую мяркуем адпусціць не менш за паўтары тысячы гектарных адзінак, – дае пакультурны пасяўны расклад галоўны раслінавод прадпрыемства.
А памяць вяртае ў лета, на ўборку. Калі вынесці за дужкі азімы ячмень, якога было мала і мала ў каго, уборка-2020 пачыналася для «Ляхавіцкага весніка» іменна са «Шляху новага». Той тугі гарызонт рапсу бачыцца жывым і зараз. Як і заснаваныя на тэхналагічных схемах шляхі руху камбайнаў, аўтамабіляў-адвозчыкаў свежазнятага насення. Аляксей Васілеўскі быў сярод апошніх у гушчыні ўборачных падзей. Аляксей – «МАЗіст», і на той момант гэта быў першы дзень уборкі. Але зернетка да зернетка: за ўборку малады вадзіцель сабраў у кузаве свайго аўто прыкладна паўтары тысячы тон насення-зерня. На першым этапе ўборкі перамясціў 465 тон насення рапсу, да якіх пазней прыплюсаваў яшчэ больш за тысячу тон збожжа.
– Наш, мясцовы. Малады, але вопытны вадзіцель. Ведае аўтамабіль, адсочвае і пры неабходнасці своечасова карэкціруе яго тэхнічны стан. Разумее нашу аграрную справу і свой транспартны сродак. Здаецца, гэтак жа, як і машына свайго гаспадара, – такую характарыстыку-экспромт выдаў на свайго падначаленага Іван Захар’ян.
У шэрагі сезонных здабыткаў ААТ «Шлях новы» хочацца аднесці і цукровыя буракі. Магчыма, не ў плане ўраджаю – 360 цэнтнераў на круг, – але сам факт быць адным з двух, без уліку фермераў, у раёне вытворцаў салодкай прадукцыі таксама сябе рэкламуе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.