Журавіны на дэсерт. ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» славіцца не толькі прадукцыяй, але і працавітымі завадчанамі

Апаратчык стэрылізацыі кансерваў кансервавага цэха Таццяна Яраш.

Якасная, смачная, карысная – усяго некаторыя з эпітэтаў для прадукцыі, якую выпускае ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Колькасць яе прыхільнікаў пастаянна павялічваецца, сёлета, напрыклад, у спісе контрагентаў, што заключылі дагаворы на пастаўку тутэйшай прадукцыі, – 23 новыя адрасы.

На карысць рэпутацыі вытворцы – перамогі на разнастайных конкурсах. Адных толькі крыштальных яблыкаў – галоўнага трафея аднайменнага рэспубліканскага конкурсу, які праводзіць Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, – у завадчан цэлая калекцыя. Плюс шматлікія перамогі і дыпломы на рэспубліканскім конкурсе спажывецкіх пераваг «Прадукт года». Яго лагатып, які цяпер размяшчаецца на этыкетках, –
своеасаблівы знак якасці, ён дапамагае пакупнікам беспамылкова арыентавацца ў выбары якаснай прадукцыі.

Запатрабаваны ляхавіцкія кансервы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: 12 працэнтаў прадукцыі рэалізуецца на экспарт. Асабліва падабаюцца расійскім спажыўцам разнастайныя кансерваваныя першыя стравы, шчаўе, а таксама павідла. На сённяшні дзень заводскі асартымент – больш за 100 найменняў прадукцыі: першыя
абедзенныя стравы, соусы, гарніры, сокі, нектары, варэнне, павідла і шмат чаго іншага. Сёлета за дзесяць месяцаў з канвеера сышло 15800 тон умоўных слоікаў.

Навінкі не прымушаюць спажыўцоў чакаць, прычым адна адной смачнейшая.

– Сёлета ўпершыню пачалі выпуск двух відаў соусаў; журавін, працёртых з цукрам. Таксама паклапаціліся і пра дыетычнае харчаванне: робім буракі з сарбітам і яблыкі з сарбітам. Прыемна, што пакупнік ацаніў навінкі і з задавальненнем іх набывае. Упэўнены, што павелічэнне колькасці прадукцыі пад сучаснай вінтавой накрыўкай таксама пойдзе на карысць аб’ёмаў продажу, – расказвае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук.

Адметны завод і тым, што пэўная частка сыравіны для далейшай перапрацоўкі вырошчваецца на сваіх землях. На падсобнай гаспадарцы сёлета атрымалі шчодры ўраджай: 390 тон шчаўя, 202 тоны кабачкоў, 110 тон бульбы, 80 тон морквы, 86 тон чырвоных буракоў, 45 тон цыбулі. Акрамя таго, закупілі 878 тон яблыкаў, 130 тон капусты, 24 тоны памідораў, 11 тон грыбоў, 310 тон агуркоў, 4,6 тоны журавін, 700 кілаграмаў клубніц і іншай садавіны-агародніны, каб забяспечыць запас сыравіны для бесперапыннай работы да наступнага сезона.

Славіцца кансервавы не толькі прадукцыяй, але і працавітымі завадчанамі. Так, прыкладам адданасці справе на прадпрыемстве сёння лічацца вадзіцелі аўтапагрузчыкаў Франц Коршун, Віктар Прыхач, Андрэй Найда, Аляксей Сянькевіч, трактарыст Іван Лапіч, укладчык-заліўшчык прадуктаў кансервавання Валянціна Кузьміцкая, апаратчык стэрылізацыі Тамара Касьянік, варшчык Святлана Бурак.