На СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» прайшоў адзіны дзень інфармавання

У фармаце адзінага дня інфармавання  інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком здзейсніла інфармацыйны тур на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Першая заяўленая тэма гутаркі з працаўнікамі прадпрыемства — «Брэстчына турыстычная. Чым прывабна Брэсцкая вобласць для турыстаў». Дакладчык — начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Георгій Барысевіч — пачаў з напаміну, што разам з Годам беражлівасці 2013 аб’яўлены таксама «годам зялёнага і актыўнага турызму». Заходні рэгіён Беларусі ў гэтым сэнсе вядомы шырока і далёка за межамі краіны. Перш за ўсё — дзякуючы сваім сімвалам: Брэсцкай крэпасці, Белавежскай пушчы. Багатая гісторыка-культурная спадчына, своеасаблівы і ў нечым унікальны прыродны ландшафт краіны і Брэстчыны як часткі цэлага таксама нямала садзейнічаюць развіццю беларускага ўязнога турызму. Як факт — тургаліна вобласці развіваецца ў дынаміцы, з кожным наступным годам набывае ўсё большую «вагу» для эканомікі Берасцейшчыны. Напрыклад, грашовая ацэнка аб’ёмаў экспарту турпаслуг у мінулым годзе ў больш як 5 разоў перавысіла аналагічную лічбу года 2007-га. У вобласці «пракладзены» 151 турыстычна-экскурсійны маршрут, турпаслугі аказваюць 7 дзясяткаў гасцініц, 262 рэстараны і кафэ, амаль 2 сотні прыдарожных аб’ектаў грамадскага харчавання. Да паслуг гасцей — дзясяткі музеяў, дамоў рамёстваў, санаторна-курортных устаноў і баз адпачынку, агратурыстычных комплексаў. Набірае развіццё аграэкатурызм. Наталіцца чыстым паветрам, дакрануцца ці зліцца з адмысловай прыродай краю і расчуліцца нашай талерантнасцю цалкам магчыма і на Ляхавіччыне. Наведаўшы, напрыклад, адну з функцыянуючых у раёне аграсядзіб. Арыгінальна розныя, але і падобныя, што тычыцца маляўнічасці месцаў свайго размяшчэння, гасціннасці, адметнасці кухні, разнастайнасці паслуг-прапаноў. Але не толькі: раён цікавы помнікамі архітэктуры, палацава-паркавымі ансамблямі. Апошніх, дарэчы, захавалася 14 на тэрыторыі Ляхавіччыны. Іх назвы гучаць бы песня: Рэпіхава, Грушаўка, Флер’янова, Савейкі, чый парк, напрыклад, з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння…
З мэтай развіцця экалагічнага турызму ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» «праклаў» пешы працягласцю 3,6 кіламетра турыстычны маршрут пад абазначэннем «Сінявокая». Старт у «Рэпіхава» — і за 2 з паловай гадзіны знаходжання на маршруце турысты атрымліваюць уяўленне пра прыродныя ўмовы сярэдняй часткі Беларусі. На турсцежцы сустракаюцца каштоўныя пароды дрэў, лугі, балоцістасці, адбіткі гістарычнага і ваеннага мінулага краю.
Мазаіку з надзвычайнымі сітуацыямі ў краіне, вобласці, раёне «намаляваў» у рамках адзінага дня інфармавання начальнік РАНС Валерый Равінскі. Нагадаў аб асаблівасцях недапушчэння пажараў у вясенні перыяд, паводзін у моманты НС, абсалютнасці выканання і мерах адказнасці за невыкананне ППБ, актуальнасці ўстаноўкі АПА і г.д.
Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі дырэктар малочнага завода Вячаслаў Жукоўскі лічыць важнай датай. У цэлым і з пункту гледжання супрацоўніцтва завода з прадпрыемствамі і структурамі Расійскай Федэрацыі. Большая частка экспарту СААТ — Расія, шэраг укаранёных на заводзе тэхналогій — з Расіі.
Калектыў малочнага завода старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук назваў адным з самых стабільных у раёне: «Многія зайздросцяць. Але еўрапейскага ўзроўню вытворчасці вы дасягнулі самі. Ваша прадпрыемства — брэнд раёна. Дзякуй вам за гэта».
Раён жыве перспектывай «Дажынак». Па лініі падрыхтоўкі нямала ўжо зроблена. Планы ж куды больш шырокія, тычацца ўводу ў горадзе шэрагу новых сацыяльна значных аб’ектаў, рэканструкцыі шматлікіх новых. Але — у залежнасці ад таго, як фінансавая карта ляжа. На сённяшні дзень, адзначыў Дзмітрый Міхайлавіч, план падрыхтоўкі раёна да фестывалю прафінансаваны прыкладна на 28-30 працэнтаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *