Ільняное заўтра. Лён – матэрыял будучага, упэўнены на Ляхавіцкім ільнозаводзе

Лён – матэрыял будучага, упэўнены на Ляхавіцкім ільнозаводзе. Пра гэту культуру тут ведаюць ад «а» да «я» і спаўна задзейнічаюць яе карысныя ўласцівасці дзеля эканамічных патрэб прадпрыемства.

Прычым, запатрабаваны ўсе «дэталі» расліны. Спецыялісты прадпрыемства пастаянна ў пошуку вытворчага плюса, які дае лён. На пачатку года, напрыклад, наладзілі вытворчасць тэхнічнага льнянога алею і макухі. Яны карыстаюцца попытам у прадпрымальнікаў, сельгаспрадпрыемстваў для падкормкі жывёлы, вытворчасці камбікармоў і з іншымі мэтамі. За дзесяць месяцаў «выціснулі» 36 тон алею і нарыхтавалі 125 тон макухі. Запатрабаваны ў спажыўцоў і паліўныя брыкеты з кастрыцы льну. З пачатку года іх сышло з канвеера 565 тон. Ільняную кастрыцу для падсцілкі коней выкарыстоўваюць у замежжы, у прыватнасці, у Германіі. Але гэта дадатковы бок вытворчасці Ляхавіцкага льнозавода. Асноўны ж трымаецца на льне-даўгунцы, які сёлета быў «раскватараваны» па раёне на плошчы 2200 гектараў. Ураджай склаў без малога 11 тысяч тон ільновалакна.

65-70 працэнтаў валакна наш завод адпраўляе на Аршанскі льнокамбінат, дзе пасля ўсіх тэхналагічных маніпуляцый на выхадзе атрымліваецца тканіна. Так што, калі ў вас дома маецца льняная бялізна ці сталовыя камплекты гэтага прадпрыемства, ведайце, што ў іх складзе і ляхавіцкі лён. Доля экспарту ў агульным аб’ёме вытворчасці складае каля 30 працэнтаў, а пакупнікі знаходзяцца ў Кітаі, Літве, Расіі, нават В’етнаме.

Што дапамагае льнозаводу заставацца ў плюсе?

– Нашы кваліфікаваныя кадры. Працавітыя, адказныя, добрасумленныя, – адзначае дырэктар Дзмітрый Скакун. – Кожны з дзвюх сотняў работнікаў разумее важнасць участка, на якім працуе.

У кантрольнага майстра Тамары Піліпчык у працоўнай кніжцы першы запіс датаваны 1979 годам і зроблены на Ляхавіцкім льнозаводзе, куды яна прыбыла са спецыяльнасцю «таваразнаўства льна і іншых лубяных культур» пасля заканчэння Аршанскага механіка-тэхналагічнага тэхнікума. Праляцелі незаўважна больш за чатыры дзесяцігоддзі, і сёння Тамара Мікалаеўна аўтарытэтны прафесіянал, які граматна вядзе ўлік гатовай прадукцыі, а таксама паступаючай ільнотрасты.

Шчырых слоў удзячнасці за працу заслугоўваюць загрузчык сыравіны Ала Жэрка і аператар паточнай лініі па перапрацоўцы валакна Аксана Мікша. Сярод перадавікоў гучаць прозвішчы трактарыстаў Уладзіміра Маслоўскага (у сезон на камбайне выцерабіў і спрасаваў лён на плошчы 502 гектары), Аляксандра Цэмені (яго паказчык – 450 гектараў). На прасаванні лепшы і Ігар Страмавус – трактарыст з вялікім стажам работы і ўменнем настройваць тэхніку на працоўны тон.