За заготовку сока в запрещенных местах предусмотрена административная ответственность

Хоць загасцілася сёлета зіма, але настаў усё ж час вясны. Асабліва гэта адчуваецца ў лесе, дзе, здаецца, «прачнуліся» бярозы і вось-вось будуць гатовыя «заплакаць» гаючым сокам. І як многа з’явіцца жадаючых сабраць гэтыя каштоўныя кроплі і наталіць імі вясновую смагу.
Дарэчы, кожны жадаючы мае на гэта права, падсочка бяроз дазваляецца. Але гэта трэба рабіць толькі на спецыяльна адведзеных для падсочкі ўчастках ляснога фонду, захоўваючы пэўную тэхналогію. Дзе гэтыя ўчасткі, кожнаму жадаючаму дакладна паведамяць у бліжэйшым лясніцтве. Аднак, варта яшчэ ведаць, дзе забараняецца нарыхтоўка соку. Напрыклад, у прыбярэжных палосах вадаёмаў, у межах адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый, у населеных пунктах. Нельга збіраць сок у дэндралагічных парках, батанічных садах, у месцах, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслін, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на тэрыторыі курортаў і арганізацый аховы здароўя і ў месцах масавага адпачынку людзей.
За нарыхтоўку соку ў забароненых месцах прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 15.26 КаАП Рэспублікі Беларусь — штраф да 20 базавых велічынь. Такі ж штраф і за нарыхтоўку соку з прымяненнем забароненых метадаў (парушэннем тэхналогіі). Калі пашкоджваюцца дрэвы да ступені спынення іх росту, вінаватыя нясуць адміністрацыйную адказнасць па частцы 1 або 2 артыкула 15.22 КаАП Рэспублікі Беларусь — штраф да 30 БВ. Адначасова вінаватыя абавязаны аднавіць нанесеныя прыродзе страты. Дарэчы, у Ляхавіцкім раёне летась былі зафіксаваны 3 выпадкі правапарушэнняў пры зборы бярозавага соку.
Лепш за ўсё жыць у гармоніі з прыродай, карыстацца яе дарамі з удзячнасцю і любоўю, каб праз многа гадоў не толькі мы з вамі, але і нашы нашчадкі маглі ў вясновым лесе напіцца гаючага бярозавага соку…
Міхаіл ПІШЧ,
начальнік Ганцавіцкай
міжраённай інспекцыі аховы
жывёльнага і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *