Агарод заараць – не поле перайсці

Памятаю, яшчэ ў дзяцінстве на пачатку сакавіка бегалі з сябрамі глядзець на аднаго з суседзяў, які на возе вывозіў з агароду снег, каб зямля хутчэй прасыхала і можна было ўшчыльную заняцца будучым ураджаем. Адна з прыкмет сапраўднага прыходу вясны – з’яўленне на прысядзібных участках і дачных сотках людзей, якія апрацоўваюць зямлю і засяваюць агароды. Для многіх гэта сапраўднае задавальненне, адпачынак ад службовых абавязкаў і хатніх спраў і магчымасць праявіць сябе ў якасці плодаагароднінавода і агранома. Якая асалода: працаваць на свежым паветры і ведаць, што ад тваіх намаганняў залежыць забяспечанасць сям’і экалагічна чыстай агароднінай.
Хто мае хоць невялікі кавалачак зямлі, ведае, колькі трэба патраціць сіл, энергіі, часу і, вядома ж, грошай, каб сабраць добры ўраджай восенню. Сённяшні галаўны боль для агароднікаў – як падрыхтаваць зямлю і, найперш, пасадзіць бульбу. А потым ужо заняцца сяўбой іншых агароднінных культур.
Нават школьнік ведае: каб мець добры ўраджай, неабходна падкарміць глебу. Хто аддае перавагу мінеральным удабрэнням, можа набыць іх у крамах горада ці на рынку. Цэны даволі прымальныя і выбар неблагі. А вось гной, якога патрэбна значна больш, каштуе нямала, прыкладна па 15-20 тысяч рублёў за тону. У пераважнай большасці яго прапануюць вясковыя гаспадары, якія трымаюць хатнюю жывёлу. Аднак, каб даставіць яго на ўласны ўчастак, неабходна знайсці транспарт для перавозкі і дадатковыя рабочыя рукі, каб пагрузіць і выгрузіць.
Яшчэ адзін нязменны атрыбут веснавых дачных і агародных работ – насенне. Выбар яго цяпер зайздросны: на розныя густы і розных вытворцаў, як айчынных, так і замежных. Па-ранейшаму сустрэнеш на кірмашы гаспадынь, якія невялікімі шкляначкамі прадаюць сабранае ўласнымі рукамі насенне морквы, буракоў, агуркоў, радыскі і іншай агародніны. Продаж насеннай прадукцыі ажыццяўляецца праз спецыялізаваны кіёск “Насенне” (ААТ “Брэстсортнасенагародніна”), вялікі выбар у магазінах “Сувязіст” раённага вузла паштовай сувязі і “Гаставары” (райпо). Адбою ад жадаючых набыць насенне няма яшчэ з пачатку сакавіка, бо да веснавых работ на прысядзібных і дачных участках руплівыя гаспадары рыхтуюцца загадзя. Парадуе і здзівіць самых заўзятых кветкаводаў разнастайнасць насення кветак і дэкаратыўных траў.
Праблема для агароднікаў і дачнікаў – заараць участак. Дзе знайсці чалавека з канём або трактарам? Гэта пытанне ўжо з пачатку красавіка цікавіць многіх. Знаходзяць варыянты, параўноўваюць па кошце. Нешматлікія ўладальнікі коней бяруць за сотку ў сярэднім ад 4 да 5 тысяч рублёў, і чарга да іх расце з кожным днём. Калі звычайны дачны ўчастак 10 сотак, то давядзецца заплаціць 50-60 тысяч рублёў (гэта ў лепшым выпадку, можа быць і даражэй). Калі не жадаеце скарыстацца паслугамі прыватніка, ёсць альтэрнатыўныя варыянты. Так, напрыклад, райпо прапануе адпаведныя паслугі ўсім жыхарам горада і раёна. Кошт за адну гадзіну работы трактара – 32 тысячы рублёў. Як паведамілі ў ПУП “Ляхавіцкі кааптранс”, у мінулым годзе гэта паслуга была даволі запатрабаванай не толькі гараджанамі, але і вяскоўцамі: трактар працаваў з ранку да позняга вечара. Можна папярэдне запісацца на чаргу і заказаць каня для апрацоўкі глебы (кошт за адну сотку 1460 рублёў, за 1 гадзіну – 5860 рублёў) у КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. У камунгасе таксама можна выпісаць і мотакультыватар. Кошт гадзіны работы тэхнікі па апрацоўцы глебы – 20 тысяч рублёў, а калі паліва для яго дае гаспадар участка, то атрымаецца танней на 4 тысячы. У параўнанні з ручным ускопваннем – эканомія ў часе адчувальная. Апрацоўку глебы трактарам прапануе і КУП па аказанні паслуг “Ляхавіцкі РКБА”. За гадзіну работы бяруць 2600 рублёў. Выбар, як бачна, ёсць, галоўнае паклапаціцца і зрабіць своечасова заяўку, каб потым доўга не чакаць, пакуль падыдзе чарга.
Некалькі гадоў запар паспяхова дзейнічае КУП “Дапамога і паслугі”, засна-вальнікам якога з’яўляецца Ганчароўскі сельвыканкам. Вяскоўцам Ганчароўскага сельсавета прапануюцца розныя сельскагаспадарчыя паслугі, у тым ліку і па падрыхтоўцы глебы. Праўда, па словах дырэктара прадпрыемства Андрэя Коршуна, цяпер трактар знаходзіцца на рамонце, але з дня на дзень будзе гатовы да работы.
Значна прасцей тым, хто працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях, якія маюць падсобную гаспадарку і (ці) каня, — напрыклад, на кансервавым заводзе, у аграрным каледжы, райбальніцы і іншых прадпрыемствах і арганізацыях.
Гаспадары, якія маюць ва ўласнасці каня, з вясны да восені без заробку не застануцца. Гэта трэба было б мець на ўвазе і ў арганізацыях, якія спецыялізуюцца на аказанні паслуг насельніцтву ці маюць магчымасць іх аказваць. Работы хопіць на ўсіх. Вясна прыйшла – сяўбе дарогу!
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *