Маштаб не мяняе традыцыі. Ляхавіцкія аграрыі і перапрацоўшчыкі прымалі віншаванні з прафесійным святам

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Мінулая пятніца стала віншавальна-святочнай для тых, хто лічыць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу сваім прафесійным святам. У гарадскім Доме культуры сабраліся лепшыя з лепшых атрымаць заслужаныя ўзнагароды, сустрэцца з калегамі і, канешне, павіншаваць адзін аднаго.

І хоць падстройвацца пад умовы кавіда нам усё ж прыходзіцца, змяніць святочны настрой гэтага дня і павіншаваць людзей адной з самых адказных, важных, складаных прафесій у хваробы не атрымалася. Заслугоўваюць нашы работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК самых шчырых слоў, прызнанняў, віншаванняў, пажаданняў. Мяняюцца маштабы святкавання, але не мяняюцца традыцыі ўшаноўваць тых, хто нястомна, з любоўю да роднай зямлі, з пашанай да сваіх землякоў шчыруе і забяспечвае дабрабыт беларусаў.

Цэнтральнай пляцоўкай, дзе разгарнулася святочнае дзейства, стаў гарадскі Дом культуры, куды прыехалі лепшыя з лепшых аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай галіны. Музыка, рэгістрацыя, і – калі ласка, прагаласуйце за лепшы каравай. Гэтай традыцыі таксама даўно не здраджваюць – сёлета сем караваяў намінаваліся на званне лепшага. Патрымаем і мы адну з галоўных інтрыг свята.
Віншаванне ляхавіцкім працаўнікам вёскі і перапрацоўчай галіны адрасаваў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк. Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўзнагароджаны дырэктар ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Дзмітрый Скакун. Падзяка міністра накіравана дырэктару кансервавага завода Аляксандру Вашчуку. Юбілейны медаль «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі» цяпер папоўніць узнагароды дырэктара ДП «Нача» Мікалая Тарлюка, кіраўніка вытворчага ўчастка ААТ «Жарабковічы» Міхаіла Багацкага.


Шэраг работнікаў атрымаў узнагароды аблвыканкама, абласнога аграпрамысловага саюза, камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
– Бязмерныя словы падзякі тым, хто задзейнічаны ў аграрнай галіне. Хто, нягледзячы на надвор’е, няпростыя эпідэміялагічныя ўмовы, застаўся верным сваёй справе і не падвёў. Да свята атрымалі нядрэнны вынік, але мы бачым, колькі работы наперадзе. У нас ёсць перспектыва для развіцця, з нашымі кадрамі і магчымасцямі ўсё ў нашых руках. І хоць аграрны год адлічыў свой час, спыняцца ніхто не збіраецца – актыўна ідзе работа на ўраджай наступнага года. Асобныя словы падзякі культурным работнікам, якія здолелі сёння стварыць сваёй творчасцю сапраўдную атмасферу свята тым, хто гэта па праве заслужыў, – павіншаваў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
На сцэну запрашаліся пераможцы раённага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю і корманарыхтоўцы – ім гучныя апладысменты, заслужаныя ўзнагароды і, канешне, фотаздымак на памяць.
Кіраўнік раёна ўручыў таксама ўзнагароды райвыканкама.
Граматы райсавета галоўным дзеючым асобам свята ўручыў старшыня дэпутацкага корпуса раёна Леанід Калбаса. Ён адзначыў, нягледзячы на няпросты год і выклікі часу, аграрыі і перапрацоўшчыкі спрацавалі без паўзаў і збояў.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анастасія Рабцэвіч рэзюмавала вынікі аграрнага года:
падкрэсліла, што станоўчыя зрухі відавочны, бачны праблемы і спрэчныя моманты, ёсць пэўныя механізмы пераадолення.
Віншавальную эстафету з самых шчырых слоў перанялі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК Ірына Чура, першы сакратар райкама Камуністычнай партыі Беларусі, дырэктар СШ № 1 Наталля Кулак. Прыемна, што ў гэтым годзе сярод тых, хто атрымаў узнагароду ад прафсаюзаў АПК, і раёнка – як надзейны інфармацыйны сябра падчас любой кампаніі сельскагаспадарчага года.
Спецыяльны прыз «ЛВ» сёлета прысуджаны прадстаўніцы эксклюзіўнай для раёна, самай пазітыўнай у плане эмоцый, але ад таго не менш адказнай, складанай і паспяховай – авечкагадоўчай ферме «Канюхі» ААТ «Жарабковічы».
Вернемся да смачнай інтрыгі аграсвята. Першае месца адпраўляецца ў скарбонку СВК «Ляхавіцкі», другое месца ў хлебаробаў ААТ «Жарабковічы», а хлебапёкі ЗАТ «Белпрампрыбор» на ганаровай трэцяй прыступцы.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.