У дыялогу нараджаюцца прапановы. Грамадскія прыёмныя – яшчэ адзін важны і даступны сродак сувязі паміж уладай і насельніцтвам

Атрымаць кампетэнтны адказ на хвалюючае пытанне, вырашыць узнікшую праблему, выступіць з ініцыятывай, у тым ліку і па змяненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, жыхары нашай краіны могуць падчас прамых тэлефонных ліній, асабістых прыёмаў, якія вядуць прадстаўнікі органаў улады розных узроўняў. Запатрабаваны ў насельніцтва і разнастайныя анлайн-канферэнцыі, апошнім часам усё большую папулярнасць набіраюць дыялогавыя пляцоўкі, дзе абмяркоўваюцца актуальныя пытанні па далейшым развіцці Беларусі.

Грамадскія прыёмныя – яшчэ адзін важны і даступны сродак сувязі паміж уладай і насельніцтвам. Яны працуюць па ўсёй краіне і павінны падняць на больш высокі ўзровень работу са зваротамі грамадзян. У прыёмных уздымаюцца як асабістыя пытанні, якія могуць вырашыцца амаль што адразу, так і больш сур’ёзныя, нават глабальныя тэмы, некаторыя з якіх будуць абмяркоўваць дэлегаты Усебеларускага сходу. У нашым раёне грамадскія прыёмныя ў бліжэйшы час будуць працаваць па панядзелках і серадах.
У мінулы панядзелак у грамадскай прыёмнай размову з жыхарамі Ляхавіцкага раёна  вяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач.
Адразу некалькі прапаноў па змяненнях у Асноўны Закон краіны выказала ляхавічанка Наталля Кулак. Як дырэктар СШ № 1, Наталля Іванаўна выступае за тое, каб у артыкуле 32 Канстытуцыі было акрэслена, што сямейнае выхаванне – прыярытэтнае.
– Мой педагагічны стаж амаль 30 гадоў, палову з іх працую дырэктарам школы. З упэўненасцю скажу, што ў навучальных установах педагогі прыкладаюць шмат намаганняў, каб не толькі даць рабятам добрыя веды, але і выхаваць сапраўдных грамадзян і добрых людзей. Аднак, адным –  дзіцячаму садку, школе – не справіцца, трэба, каб і бацькі больш увагі і клопату надавалі дзецям, а сямейнае выхаванне лічылася прыярытэтным, – гаворыць Наталля Кулак.
Як першы сакратар райкама КПБ, яна прапаноўвае ўнесці змяненне ў 69 артыкул Канстытуцыі: вылучаць кандыдатаў у дэпутаты могуць не толькі грамадскія арганізацыі, але і партыі.
А трэцяе прапанаванае змяненне датычыцца артыкула 47 Асноўнага Закона: больш жорсткая ў межах закона адказнасць грамадзян за прадастаўленае ім на льготных умовах жыллё. Бо некаторыя нядобрасумленныя жыльцы, атрымаўшы такім шляхам кватэры, несвоечасова аплачваюць камунальныя паслугі, парушаюць правілы пражывання і г. д.
Намеснік дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Богдан агучыла ініцыятыву ўсяго калектыву: на заканадаўчым узроўні замацаваць адказнасць дарослых дзяцей за сваіх састарэлых бацькоў. Яна адзначыла, што некаторыя з вялікаўзроставых дзетак не толькі не клапоцяцца пра сваіх пажылых бацькоў, але і перашкаджаюць сацыяльнай службе, у прыватнасці, не даюць згоду на афармленне іх у разнастайныя сацыяльныя ўстановы і г. д. Калі такога кшталту прапановы будуць унесены ў Канстытуцыю, адпаведна будуць перагледжаны і іншыя заканадаўчыя акты, у тым ліку Кодэкс аб шлюбе і сям’і.
– Грамадскія прыёмныя – выдатная магчымасць выказаць сваё меркаванне і ведаць, што цябе пачуюць. Толькі разам, шляхам канструктыўнага дыялогу, а не высвятлення адносін на вулічных маршах, мы зробім нашу Беларусь яшчэ больш квітнеючай, – упэўнена Вольга Богдан.
– Землякі ў грамадскія прыёмныя прыходзяць як з праблемамі, так і з ініцыятывамі накшталт змяненняў у Канстытуцыю нашай краіны. І гэта вельмі важна, што людзі – неабыякавыя, ім не ўсё роўна, якія падзеі адбываюцца не толькі ў нашым раёне, але і па ўсёй краіне. Прыходзяць ужо і з прапановамі для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе. Таму неабходна ўважліва слухаць, дэталёва раз-
бірацца, а галоўнае – дапамагчы, – адзначае Ніна Прыхач.
Яшчэ адна перавага грамадскіх прыёмных – няма патрэбы запісвацца на прыём папярэдне. Дастаткова прыйсці ў пазначаны дзень да пэўнага часу. Прычым, можна не толькі прыйсці асабіста на прыём, але і патэлефанаваць (у панядзелак па нумары 6-05-65, у сераду – 6-09-59), каб выказаць сваё меркаванне ці задаць пытанне. Усе прапановы, ініцыятывы, закранутыя пытанні абавязкова фіксуюцца.

Дарэчы, 18 лістапада  з 17 да 18 гадзін у кабінеце службы «Адно акно» райвыканкама прыём правядзе начальнік аддзела эканомікі Людміла Матчэня.

Галіна КАНЬКО.