Аформіць спадчыну па законе. Што рабіць, калі прапушчаны шасцімесячны тэрмін для прыняцця спадчыны

Нярэдка землякі цікавяцца, што рабіць, калі прапушчаны шасцімесячны тэрмін для прыняцця спадчыны.
Неабходна адзначыць, што згодна з артыкулам 1071 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, спадчына можа быць прынята спадчыннікам на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны.
Гэта можна зрабіць шляхам падачы натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы аб прыняцці спадчыны ці заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну; шляхам фактычнага ўступлення ў валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю (гэта значыць спадчыннік прыняў меры да захавання маёмасці, да абароны яе ад замахаў ці прэтэнзій трэціх асоб; правёў за свой кошт расходы на ўтрыманне маёмасці; аплаціў даўгі спадчынадаўца або атрымаў ад трэціх асоб належныя яму сумы).
Спадчыннік, які прыняў спадчыну шляхам фактычнага ўступлення ў валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю, але прапусціў шасцімесячны тэрмін для звароту да натарыуса, адначасова з падачай натарыусу заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну павінен прадаставіць адпаведныя дакументы, якія пацвярджаюць фактычнае прыняцце спадчыны. Да такіх дакументаў адносяцца:
● дакумент, які змяшчае інфармацыю аб пражыванні спадчынніка на дзень адкрыцця спадчыны або на працягу ўстаноўленага заканадаўствам тэрміну для прыняцця спадчыны па адным адрасе са спадчынадаўцам ці пражыванні ў жылым памяшканні, што перадаецца ў спадчыну (даведкі аб месцы жыхарства і складзе сям’і, аб месцы жыхарства, аб апошнім месцы жыхарства спадчынадаўца і складзе яго сям’і на дзень смерці і іншае);
● даведка аб тым, што ва ўстаноўлены заканадаўствам для прыняцця спадчыны тэрмін спадчыннік карыстаўся спадчыннай маёмасцю, прыняў меры да яе захавання, апрацоўваў зямельны ўчастак, рабіў бягучы рамонт і г. д.;
● копія ўступіўшага ў законную сілу рашэння суда аб устанаўленні факта прыняцця спадчыны;
● іншыя дакументы.
У выпадку, калі спадчыннік не ўступіў у валоданне або кіраванне спадчыннай маёмасцю і прапусціў тэрмін для прыняцця спадчыны, то па заяве суд можа прызнаць яго прыняўшым спадчыну, калі знойдзе прычыны пропуску тэрміну ўважлівымі, у прыватнасці, калі ўстановіць, што гэты тэрмін быў прапушчаны таму, што спадчыннік не ведаў і не павінен быў ведаць аб адкрыцці спадчыны, і пры ўмове, што спадчыннік, які прапусціў тэрмін для прыняцця спадчыны, звярнуўся ў суд на працягу шасці месяцаў пасля таго, як прычыны пропуску гэтага тэрміну адпалі.
Таксама спадчына можа быць прынята спадчыннікам па заканчэнні тэрміну, устаноўленага для яе прыняцця, без звароту ў суд пры ўмове згоды на гэта ўсіх астатніх спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну. У такім выпадку ад спадчыннікаў, якія прынялі спадчыну, натарыус афармляе заяву аб згодзе на прыняцце спадчыны спадчыннікам, які прапусціў тэрмін для яе прыняцця.
Для растлумачэння парадку афармлення спадчынных правоў рэкамендуем звярнуцца за кансультацыяй да натарыуса да заканчэння шасцімесячнага тэрміну з дня смерці спадчынадаўца.

Кацярына СТРАЛЬЦОВА,
натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі.