У справе – прафесіяналы. Нават на заслужаным адпачынку выратавальнікі – частка калектыву Ляхавіцкага РАНС

Нават на заслужаным адпачынку выратавальнікі – частка калектыву РАНС. Пра кожнага з 28 ветэранаў пажарнай службы калегі памятаюць, а ў юбілейныя даты спяшаюцца шчыра павіншаваць. У лістападзе 50-гадовы юбілей адзначалі былы намеснік начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Валерый Свянцецкі і былы начальнік ПАВП № 13 Аляксандр Баўтрукевіч.
Валерый Свянцецкі заўсёды вызначаўся высокім прафесіяналізмам, добрасумленным і адказным стаўленнем да справы. І раней, і зараз гатовы дзяліцца вопытам, умее падтрымаць і пажартаваць. Ён, дарэчы, з’яўляецца старшынёй раённага аддзялення ветэранскай арганізацыі БГА «Выратавальнік».
Словы ўдзячнасці і павагі за шматгадовую працу ад імя калег перадаў юбіляру намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ.
Аўтарытэт не толькі сярод калег заслужыў і Аляксандр Баўтрукевіч. Чалавек слова і справы – так пра яго гавораць былыя саслужыўцы. У юбілейны дзень ён прымаў і прымаў віншаванні. Ад калектыву РАНС яму найлепшыя пажаданні здароўя і бадзёрасці.
Паўстагоддзя для сапраўднага мужчыны – не ўзрост, а толькі канстатацыя таго, што яшчэ шмат чаго важнага ў жыцці неабходна зрабіць. Вось і нашы юбіляры працягваюць працаваць, няхай і за межамі падраздзялення па надзвычайных сітуацыях, але, па традыцыі, старанна і нераўнадушна.

Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.