Салдацкія дні. Дзе будуць служыць прызыўнікі з Ляхавіччыны?


Сілы спецыяльных аперацый, унутраныя войскі, ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, пагранічныя войскі – геаграфія службы юнакоў з Ляхавіччыны ў лістападаўскі прызыў. У армейскі строй стануць каля паўсотні нашых землякоў. З іх тры чалавекі маюць вышэйшую адукацыю, для іх служба працягнецца 12 месяцаў.


– Адметна, што ў армію прызыўнікі ідуць з пазітыўным настроем і жаданнем, а маральная гатоўнасць – адна з найважнейшых умоў добрай службы. Фізічную ж форму падцягнуць. Са здароўем у юнакоў таксама ўсё у парадку – служыць будуць у лепшых, элітных вайсках. Да таго, атрымаюць воінскую спецыяльнасць, а некаторыя і вадзіцельскую катэгорыю “С”, – адзначае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута, які ўзначальвае падраздзяленне з сярэдзіны кастрычніка.
Першыя прызыўнікі з раёна з 16 лістапада папоўнілі рады ўнутраных і пагранічных войскаў, 72-га Аб’яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах. Завершыцца адпраўка ў злучэнні і воінскія часці Узброеных Сіл 30 лістапада.
Напярэдадні галоўнага дня па традыцыі ў адасобленай групе праводзяць інструктаж, падчас якога ў прызыўнікоў выясняюць змяненні ў стане здароўя і ў сямейных адносінах, прыцягненне да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. Апошняе можа стаць заслонай для службы ў некаторых родах войск. Дарэчы, адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу , у тым ліку, даецца прызыўнікам, якія маюць цяжарную жонку (пры наяўнасці падцвярджаючых дакументаў). Падставай таксама з’яўляецца наяўнасць у маці, якая не знаходзіцца ў зарэгістраваным шлюбе, яшчэ дзвух непаўналетніх дзяцей.
… Раніцай, развітаўшыся з бацькамі і роднымі, навабранцы строем заходзяць у аўтобус і едуць у абласны ваенны камісарыят, а ўжо адтуль да месца праходжання службы. 12 снежня новае папаўненне прыме прысягу.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.