Зручная форма размовы. Грамадскія прыёмныя, што адкрыты па ўсёй краіне, нацэлены на канструктыўны дыялог і дапамогу насельніцтву

Бывае так, што праблема нараджаецца з-за няведання, як кажуць, кораня пытання, а яшчэ таму, што не аказалася побач чалавека, здольнага даць граматную параду і патлумачыць правільны алгарытм дзеянняў.

Выслухаць кожнага і, па магчымасці, вырашыць надзённыя пытанні – задача такой кантактнай формы зносін з насельніцтвам як грамадская прыёмная. У сераду ў райвыканкаме ў памяшканні службы «Адно акно» прыём вяла начальнік аддзела эканомікі раённага выканаўчага камітэта Людміла Матчэня. На нумар 6-09-59
паступіла тэлефанаванне, яшчэ адзін ляхавічанін вырашыў звярнуцца асабіста.
Сваю праблему агучыў жыхар райцэнтра, які планаваў сустрэць Новы год у рэстаране. Аднак даведаўся, што кропка грамадскага харчавання будзе працаваць да 23 гадзін. Ён цікавіўся, ці правамерна гэта. Людміла Францаўна тлумачыць, што ў мэтах недапушчэння распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі прынята рашэнне аб скарачэнні працягласці работы кропак грамадскага харчавання. У прыватнасці, на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ўласнікам аб’ектаў грамадскага харчавання, начных клубаў, караоке-бараў і іншых забаўляльных устаноў неабходна скараціць рэжым работы ўстаноў да 23 гадзін. Да гэтага ж часу прадугледжваецца і рэалізацыя алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва ў кропках прыдарожнага сэрвісу, у тым ліку на аўтазаправачных станцыях. У выпадку выяўлення парушэння санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства дзейнасць аб’екта можа быць прыпынена на тэрмін да 90 дзён.
Другі зварот у грамадскую прыёмную датычыў якасці тавару, набытага ў інтэрнэт-магазіне. Суразмоўца расказаў, што заказаў антэну, а калі яна прыйшла, аказалася няспраўнай. Патэлефанаваў на ўказаны ў аб’яве нумар, там паведамілі, што з яго ажыццяўляюцца толькі выходныя званкі. Пакупнік прасіў аказаць садзейнічанне ў вяртанні грошай, а таксама прыняць меры да нядобрасумленнага прадаўца, бо індывідуальны прадпрымальнік зарэгістраваны ў Ляхавіцкім раёне. Падобныя звароты, што датычаць няякасных тавараў, на жаль, маюцца. Хтосьці набыў абліцовачную плітку з розных партый і адрознай каляровай гамай, іншы зацікавіўся шчоткай для мыцця вокнаў і не разабраўся з яе тэхнічнымі данымі. Начальнік аддзела эканомікі тлумачыць, што спажывец павінен, у першую чаргу, заўсёды мець чэк, уважліва чытаць інструкцыю да тавару, а пры пакупцы рэчы ў стацыянарным магазіне ўважліва праверыць яе спраўнасць і знешні выгляд. Важны тут і «ўзрост» гандлёвай пляцоўкі, і наяўнасць звестак пра прадаўца. Указанне,акрамя мабільнага, гарадскога нумара тэлефона для сувязі таксама працуе на станоўчы імідж.
Такім чынам, дробных пытанняў няма. Для тых, хто звяртаецца ў грамадскую прыёмную за дапамогай, яго праблема самая важная.
Зручнасць такой формы дыялогу ў тым, што на прыём не трэба запісвацца загадзя, а можна прыйсці ў пазначаны час. Вітаюцца канструктыўныя прапановы і ініцыятывы.

23 лістапада з 12.00 да 13.00 у грамадскай прыёмнай (кабінет № 202) працуе намеснік старшыні райвыканкама Святлана Іванаўна Юрлевіч (тэл. 6-05-65), а 25 лістапада з 17.00 да 18.00 на прыёме – начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Іванаўна Завадская (тэл. 6-09-59).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.