Майстар-клас ад «Дзянніцы». «Дзянніца» гімназіі ўзнагароджана дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі

Каманда прэс-цэнтра «Дзянніца» гімназіі ўзнагароджана дыпломам II ступені Міністэрства адукацыі за перамогу ў конкурсе газет і часопісаў XVI рэспубліканскага фестывалю дзіцячых СМІ «Свежы вецер».

Урачыстая цырымонія прайшла ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня», дзе шэсць ляхавіцкіх дзевяцікласнікаў па імянных запрашэннях абаранялі гімназічны творчы праект і ўдзельнічалі ў майстар-класах.
Гэтыя рабяты – Паліна Грубая, Карына Есіс, Ангеліна Рокач, Раман Вярбіцкі, Ганна Крапіневіч, Анастасія Яраш. Ім пашчасціла не толькі адпачыць у славутым беларускім летніку, але і ўзяць урокі ў вопытных журналістаў, пашырыць свае кантакты сярод калег-юнкараў. На конкурс «Дзянніца» прадстаўляла тры нумары свайго выдання. У ім, дарэчы, сярод папулярных рубрык «Наш равеснік», «Калонка рэдактара», «З жыцця пачатковай школы».
Калектыў «Дзянніцы» – 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пад кіраўніцтвам настаў- нікаў Алы Ільюкевіч і Генадзія Шадуры вызначаюць тэмы публікацый, вярстаюць газету, змяшчаюць навіны на сайт «Дзянніцы».
Дарэчы, гэта не першая перамога газеты гімназіі ў рэспубліканскім фестывалі.

Ангеліна РОКАЧ, навучэнка 9 класа:
– Крута і вельмі весела! «Зубраня» пакарыла і мяне, і маіх сяброў. Дні ў лагеры мчалі з касмічнай скорасцю. Былі заняты з раніцы да вечара і не стамляліся. Анлайн-сустрэчы змянялі майстар-класы, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Калі наша каманда заняла ў намінацыі «друкаваныя СМІ» другое месца, былі вельмі шчаслівыя. Хачу зноў у «Зубраня»!

Анастасія ШКУТ, навучэнка 10 класа, галоўны рэдактар «Дзянніцы»:
– Праект «Школьны дзённік», арганізаваны раённай газетай «Ляхавіцкі веснік», зацікавіў і падштурхнуў да ўдасканалення гімназічнай. Чытаю раёнку і ў інтэрнэце, асабліва навіны, якія датычаць адукацыі і моладзі. Чакаю новых заняткаў з «ЛВ».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.