Дзякуй за сына! Міністэрства абароны ўшанавала бацькоў лепшых салдатаў , сярод іх — ляхавічане

Маці салдата – місія пачэсная і хвалюючая. Для кожнай з зямлячак, якія маюць такі статус, вестка з арміі – жаданая навіна і падзея.
13 лістапада 2020 года для сям’і ляхавічан Равяка застанецца датай асаблівай: у адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Вользе і яе сыну Паўлу ўручылі ўзнагароды ад міністра абароны Рэспублікі Беларусь.

Падзячнае пісьмо маці перадаў па даручэнні камандавання старшы лейтэнант 59-й Жытомірскай Чырванасцяжнай школы падрыхтоўкі спецыялістаў па эксп-луатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра Уладзіслаў Малышыц. Салдату ў якасці памятнага падарунка – гадзіннік ад міністра абароны з выгравіраваным надпісам. Дарэчы, старшы лейтэнант прыбыў у Ляхавічы з ваеннага гарадка Печы (г. Барысаў) спецыяльна дзеля ўрачыстага моманту.
Па ўсёй краіне ў гэтыя дні ваеннае ведамства гаворыць шчыры дзякуй маці за сыноў – салдатаў тэрміновай службы, якія звальняюцца ў запас. Павел Равяка і яго сям’я – з тых 60 ваеннаслужачых тэрміновай службы і іх бацькоў, хто атрымлівае падзяку Міністэрства. «Паважаныя Вольга Анатольеўна і Аляксандр Леанідавіч! Выказваю вам удзячнасць за выхаванне сына. Павел дабіўся вынікаў у баявой падрыхтоўцы ў 2019/2020 вучэбным годзе. За час службы ён зарэкамендаваў сябе граматным спецыялістам, дысцыплінаваным, старанным і адказным ваеннаслужачым. І ў гэтым вялікая ваша заслуга…». Такія словы міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта Віктара Хрэніна для бацькоў – высокая адзнака, ад якой сэрца замірае ў шчасці.


Армейская гісторыя Паўла Равякі пачалася ў маі 2019 года. Перад тым, як стаць у строй, выпускнік Брэсцкага ліцэя чыгуначнага транспарту тры месяцы спасцігаў азы прафесіі ў Баранавіцкім аддзяленні Беларус-кай чыгункі – працаваў памочнікам машыніста. У армію ішоў асэнсавана і з жаданнем. Можа адразу і было нязвыкла і няпроста, але дзень за днём служба зацягнула і зацікавіла. Калі тэрмін навучання ў школе падрыхтоўкі спецыялістаў закончыўся, і наперадзе было размеркаванне па воінскіх часцях, салдату прапанавалі застацца навучаць маладое папаўненне.
Згадзіўся і ні разу, адзначае, не пашкадаваў. У 59-й ШПС рыхтуюць спецыялістаў па больш як дзесяці воінскіх спецыяльнасцях: механікаў-вадзіцеляў шматвосевых аўтамабільных цягачоў, акумулятаршчыкаў, майстроў па рамонце і захоўванні гусенічнай і колавай бранятанкавай тэхнікі, іншых спецыялістаў рамонтных падраздзяленняў.


У арміі Павел прайшоў шлях ад радавога да сяржанта, быў намеснікам камандзіра ўзвода. Спакойны і разважлівы, хутка знаходзіць агульную мову з салдатамі, прыклад для іх.
– Паўтара года ў арміі праляцелі хутка, – адзначае Павел Равяка.– Атрымаў ваенную спецыяльнасць акумулятаршчыка, знайшоў на- дзейных сяброў. Дысцыпліна, строгі распарадак дня загартоўваюць. Калі ацэньваць армейскія гады па школьных балах, то гэта дзесяць з дзесяці.
Старшы лейтэнант Уладзіслаў Малышыц з гонарам дадае, што ў іх цэнтры склаліся добрыя традыцыі. Напрыклад, 14 кастрычніка ў часці заўсёды ў гасцях маці ваеннаслужачых. Іх віншуюць са святам і знаёмяць з бытам і графікам вайсковага жыцця сыноў. Вольга Равяка таксама летась пабывала ў часці і засталася задаволена ўмовамі.
– Ганарымся сынам! Канешне, перажывала за сына ў арміі, але заўважыла, што памужнеў, разважае па-мужчынску дакладна, упэўнена, адказна, – адзначае Вольга Равяка.
Дарэчы, яна маці траіх дарослых дзяцей. Акрамя Паўла, з мужам вырасцілі дзвюх цудоўных дочак Ірыну і Юлію.
21 лістапада ваеннаслужачы тэрміновай службы сяржант Павел Равяка звольнены ў запас.

­Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.