У Ляхавіцкім раёне рыхтуюцца да веснавой пасяўной кампаніі

Як запэўніваюць спецыялісты сельскагаспадарчай вытворчасці, пасяўная кампанія 2013 года будзе кароткай. У параўнанні з мінулым годам ды і з папярэднімі, калі ўжо ў красавіку ў разгары сельгасработы, сёлета зіма парушыла планы і яшчэ ўсё дакучае марозамі і снегападамі. Але і ў такім вымушаным «прастоі» ў працаўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці ёсць станоўчыя моманты: прадоўжыўся перыяд падрыхтоўкі да веснавой пасяўной кампаніі, што вельмі важна для механізаваных атрадаў сельгаспрадпрыемстваў, якія павінны мець 100-працэнтную гатоўнасць тэхнікі. Сёлета гэта асабліва актуальна, бо нагрузка на машынна-трактарны парк чакаецца адчувальнай.
Як расказаў галоўны інжынер райсельгасхарчу Міхаіл Новік, у некаторых сельгаскааператывах тэхніка на высокім узроўні гатоўнасці, аднак, ёсць і такія гаспадаркі, у дачыненні якіх міжволі ўзнікае пытанне: як тут будуць сеяць? Напрыклад, СВК «Ліпнянка». Пагрузчык зерня разабраны, ёсць няспраўнасці ў сеялках, іншых прычапных прыладах, тэхагляд прайшлі не ўсе трактары. Самая вялікая праблема, якая тармозіць работы, — кадравая. Адзін за ўсю інжынерную службу працуе Іван Салодкі. Ён выступае і ў ролі інжынера, і загадчыка мехмайстэрні, і брыгадзіра. Па сутнасці, ён адзін і стараецца нешта зрабіць, разумее, наколькі складаная сітуацыя, а час выхаду ў поле зусім блізка. Дарэчы, Іван Салодкі — самавучка, але майстар на ўсе рукі, якіх, на жаль, не хапае, каб справіцца з праблемамі.
Аналагічная сітуацыя ў СВК «Востраў-Агра». На дзень праверкі заставаўся неадрэгуляваным механізм для ўнясення мінеральных удабрэнняў. Тры чалавекі былі заняты тэрміновым рамонтам кормараздатчыка, і больш у майстэрнях ніякая работа не ішла.  Парушаецца выкананне плана-графіка рамонту, складзенага згодна з праграмай падрыхтоўкі тэхнікі да веснавой палявой кампаніі. І ў СВК «Востраў-Агра» праблема з праблем — адсутнасць інжынерна-тэхнічнага персаналу, не хапае механізатараў. Інжынер па ахове працы Аляксандр Кулак тут галоўная дзеючая асоба, але адзін у полі не воін.
Галоўны інжынер райсельгасхарчу адзначае, што літаральна ўсім сельгаспрадпрыемствам раёна патрэбна сканцэнтраваць намаганні на падрыхтоўцы тэхнікі. Распрацаваныя і зацверджаныя праграмы рамонту, згодна з якімі работы павінны былі праводзіцца планамерна на працягу ўсяго зімовага перыяду, толькі ў адзінкавых гаспадарках браліся за аснову. Фарсіраванне рамонтных работ фактычна пачалося ў гэтыя дні. Але абняць неабдымнае атрымліваецца не заўсёды. Міхаіл Новік канстатуе, што многія інжынеры сельгаспрадпрыемстваў нават не ведаюць, якая ёсць у наяўнасці тэхніка, не валодаюць сітуацыяй наконт яе гатоўнасці, дакладваюць адно, а на справе атрымліваецца іншае.
З таго, што сапраўды гатова да работы на сённяшні дзень, — энерганасычаная тэхніка і мінімум трактароў, якія павінны быць задзейнічаны ў перыяд веснавых палявых работ.
Зразумела, найперш на лінейцы гатоўнасці павінны быць машыны і механізмы, якія ўжо заўтра выйдуць на палі. Аднак, нельга адкладваць і рамонт кормаўборачнай і зернеўборачнай тэхнікі, якая таксама спатрэбіцца неўзабаве. Гэтую задачу, між іншым, яшчэ не вырашыў ніхто. Зразумела, што ў значнай ступені недапрацоўкі, затрымкі звязаны з недахопам кадраў. Аднак, над праблемай трэба працаваць не сезонна, а пастаянна: рыхтаваць спецыялістаў за кошт сельгаспрадпрыемстваў, зацікавіць іх, стварыць спрыяльныя ўмовы, каб людзі не расчараваліся, засталіся працаваць па прафесіі, якую выбралі. Але звычайна пра кадры спецыялістаў і радавых працаўнікоў размовы ўзнікаюць тады, як трэба выходзіць у поле ці садзіцца за штурвал камбайна. Умовы ж працы застаюцца ранейшымі, не самымі спрыяльнымі.
— У большасці сельгаспрадпрыемстваў мехмайстэрні ў запушчаным стане, бытавыя пакоі практычна адсутнічаюць, — расказвае Міхаіл Новік. — Каторы год запар ставяцца задачы палепшыць умовы работы механізатараў у зімовы перыяд, але мала хто на справе займаецца гэтым пытаннем…
Актуальная задача дня — здача металалому і другаснай сыравіны, тым больш, што ва ўсіх гаспадарках ёсць шмат таго, што аджыло свой век і ператварылася ў непатрэбшчыну, якая толькі займае месца на мехдвары. Рашэннем райвыканкама кожнаму сельгаспрадпрыемству даведзены планы. Пакуль што раён здаў металалому 5 працэнтаў ад патрэбнага.
Заўсёды і ўсюды, выконваючы любую работу, патрэбна памятаць пра захаванне тэхнікі бяспекі. А перад пачаткам веснавых палявых работ варта напомніць пра многія правілы ТБ механізатарам, паляводам, усім, хто будзе прымаць удзел у пасяўной кампаніі. Дарэчы, павінна выконвацца адно з галоўных патрабаванняў — забеспячэнне работнікаў спецадзеннем і абуткам, індывідуальнымі сродкамі аховы.
Па ўсім бачна, што сённяшняя вясна будзе праверкай на трываласць для многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна. Выйдзе пераможцам той, хто не дрэмле пад калыханку завірухі, а кожны дзень выкарыстоўвае прадукцыйна, з поўнай адказнасцю, з думкай пра будучы ўраджай.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота ludmila-roshka.narod.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *