Дзеля канкрэтнай справы. Грамадскія прыёмныя прыцягваюць усё больш увагі насельніцтва

Грамадскія прыёмныя прыцягваюць усё больш увагі насельніцтва. Гараджане і вяскоўцы адрасуюць кампетэнтным асобам набалелыя пытанні, а таксама ўносяць прапановы па змяненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
23 лістапада прыём вяла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч

За пару хвілін да адкрыцця грамадскай прыёмнай у кабінеце № 202 райвыканкама раздаўся тэлефонны званок. Сярод шэрага прапаноў нераўнадушнага суразмоўцы – развіццё інстытута старастаў, надзяленне іх больш шырокімі паўнамоцтвамі. І гэта мае пад сабой слушнае абгрунтаванне: сёння стараста – адзін з тых, хто добра знаёмы з праблемамі жыхароў сельскіх населеных пунктаў і іх паўсядзённым жыццём, заўсёды з імі ў кантакце.
У старшыні Ляхавіцкай раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын дырэктара Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Вольгі Бурак канкрэтныя прапановы: павысіць адказнасць бацькоў за выхаванне, навучанне і бяспеку сваіх дзяцей. Пры няштатнай
сітуацыі, нават калі яна адбылася на канікулах-выхадных, віну залічваюць школе, а не татам і мамам. Меркаванне калегі падтрымліваюць і іншыя педагогі раёна. Сярод сямейных пытанняў і ўстанаўленне льготнага праезду для мнагадзетных маці, напрыклад, 50-працэнтнай скідкі ў выхадныя дні на білеты гарадскога і прыгараднага транспарту. У краіне нямала ўвагі надаецца мнагадзетным сем’ям, але гэта ініцыятыва была нялішняй – у маці шмат клопатаў, якія ёй неабходна вырашыць.
Старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Юрлевіч упэўнены, што добрыя кадры – кампетэнтных і граматных кіраўнікоў, намеснікаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія ўмеюць ладзіць з людзьмі, з’яўляюцца цудоўнымі арганізатарамі, – трэба «гадаваць». Пакуль справа дойдзе да пасады, неабходна навучыць. Патрэбен рэзерв кадраў – не статычны спіс, а людзі актыўныя, ініцыятыўныя і энергічныя.
На тэлефонны нумар 6-05-65 патэлефанаваў мужчына, які прадставіўся жыхаром раёна. Яго прапанова датычыла павелічэння тэрміну эксплуатацыі газавага абсталявання. Ён выказаў меркаванне, што пры належным доглядзе за газавай плітой ці ацяпляльным катлом, перыядычным тэхнічным абслугоўванні абсталяванне здольна працаваць больш устаноўленага заводам-вытворцам тэрміну. Зусім нялёгка пенсіянеру купіць сёння новую пліту. Неабходна, па словах тэлефоннага суразмоўцы, прадаставіць работнікам газазабяспечваючых арганізацый праводзіць тэсціраванне на далейшую эксплуатацыю тэхнікі пасля заканчэння тэрміну прыдатнасці.
Усе прапановы і ідэі Святлана Юрлевіч выслухала ўважліва, занатавала.
– Прыемна, што землякі не толькі дзеляцца набалелым, але і вылучаюць ініцыятывы, выказваюць свой пункт гледжання на праблемы і змяненні. Як гавораць, у спрэчцы нараджаецца ісціна. Таму дзверы грамадскай прыёмнай адкрыты, і мы чакаем прапаноў, якія накіраваны на развіццё, удасканаленне і паляпшэнне жыцця Ляхавіччыны, Брэстчыны, краіны, – падкрэсліла Святлана Іванаўна.

25 лістапада з 17.00 да 18.00 на прыёме  ў грамадскай прыёмнай – начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Іванаўна Завадская (тэл. 6-09-59).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.