На подыум запрашаецца маска. Аптэкі прапануюць гэты аксесуар на любы густ і кошт

Мінулай вясной, калі каранавірус толькі прыйшоў да нас, з паліц магазінаў змяталі грэцкія крупы, алей, цукар, імбір, запасаліся макаронамі, тушонкай і іншымі прадуктамі харчавання. Як паказаў час, гэта было залішнім: праблем з прадуктамі не ўзнікла.
Надзвычай запатрабаванымі таварамі таксама былі маскі, аднаразовыя пальчаткі і антысептыкі. Попыт на іх біў рэкорды.
А што зараз? «ЛВ» адправіўся маніторыць сітуацыю па наяўнасці ў аптэках найбольш запатрабаваных у час пандэміі лекавых сродкаў, антысептыкаў, медыцынскіх масак…

– Думаю, у сувязі з увядзеннем абавязковага масачнага рэжыму попыт на маскі павялічыцца. Мы да такога развіцця сітуацыі гатовы. У наяўнасці як аднаразовыя маскі па 34 капейкі за штуку, так і многаразовыя па 1,65 рубля.
Хапае і пальчатак. Што тычыцца антысептыкаў – іх таксама ўдосталь, прычым розных вытворцаў, разлітых у ёмістасці розных памераў, гелевыя, вадкія, спрэі. На складах усяго дастаткова. Дарэчы, купіць вышэйпералічанае можна як у аптэках, так і 24 пунктах розніч-най рэалізацыі медпрэпаратаў пры ўрачэбных амбулаторыях і фельчарска-акушэрскіх пунктах, – расказвае намеснік загадчыка цэнтральнай раённай аптэкі № 56 Таццяна Салодкая.
Памятаеце, якім дэфіцытам былі напачатку каранавіруснай пандэміі парацэтамол і некаторыя супрацьвірусныя прэпараты?
– Цяпер найбольш запатрабаваны ў насельніцтва разнастайныя групы вітамінаў, асабліва D3, С. Урачы прызначаюць вітамінныя комплексы як дапаможныя ў агульнай тэрапіі не толькі супраць COVID-19, але і іншых вострых рэспіраторных інфекцый. Такія прэпараты ў аптэках ёсць у дастатковай колькасці. Штотыдзень папаўняем складскія запасы. Таксама можам пераразмеркаваць тавары паміж аптэкамі. Цэнтральная аптэка працуе ў будні з 8 да 21 гадзіны, суботу з 9 да 19 гадзін, нядзелю  з 9 да 17 гадзін. Стараемся сачыць, каб не было чэргаў, – адзначае Таццяна Салодкая.
Наведвальніца аптэкі Анастасія, як і належыць, у масцы, на руках
латэксныя пальчаткі.
– Пакуль не хварэем. Аднак, вырашыла закупіцца ўсім неабходным, калі прастуда ці вірусная інфекцыя ўсё ж не абыдзе нашу сям’ю. Сабе і мужу купляю супрацьвірусны арпетол, які добра зарэкамендаваў сябе ў мінулыя сезоны, для пяцігадовай дачкі –
дзіцячы інтэрферон. Плюс травяныя зборы для лячэння прастуды, а таксама парацэтамол. Антыбіётыкаў у запас не набіраю, лечымся імі толькі тады, калі прапісвае ўрач. Для ўмацавання імунітэту карыстаемся праверанымі спосабамі: больш гуляем на свежым паветры, пастаянна ў рацыёне прысутнічаюць лімоны, апельсіны, журавіны, яблыкі, варым кампоты з сухафруктаў і шыпшыны, – дзеліцца ляхавічанка.
– Падзел, у тым ліку паліклінікі, на чыстую і чырвоную зоны ніяк
не павінен перашкаджаць наведвальнікам аптэкі, якая знаходзіцца ў будынку паліклінікі. Незалежна ад таго, мае чалавек прыкметы ВРІ ці не. Абавязковая ўмова – захаванне масачнага рэжыму, – тлумачыць намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Міхаіл Куляшоў.
Пацікавіліся, як падчас пандэміі COVID-19 працуюць аптэкі недзяржаўнай формы ўласнасці.
– Усё, як звычайна для гэтай пары года, калі пачынаецца прастудна-вірусны ўсплёск. Найбольш актыўна прадаюцца супрацьвірусныя прэпараты, гарачкапаніжальныя, прэпараты для зняцця сімптомаў прастуды і грыпу накшталт антыгрыпіну, трыалгіну, рынзы і г. д. Таксама часта купляюць таблеткі для рассмоктвання пры болях у горле ці кашлі, каплі ў нос. Медыцынскіх масак, антысептыкаў хапае, – падкрэслівае загадчыца гарадской аптэкі ТАА «Мая аптэка» Людміла Шулякоўская.
Няма праблем з наяўнасцю лекавых прэпаратаў і ў аптэцы № 7 ЗАТ «Прамснабсэрвіс» (знаходзіцца ў будынку аўтастанцыі).
– У продажы аднаразовыя маскі па 39 капеек за штуку, наборы па пяць масак коштам 2,04 рубля, многаразовыя маскі па 1,49 рубля за штуку. Хапае і антысептыкаў. Хачу звярнуцца да землякоў: перш чым прымаць тое ці іншае лякарства, абавязкова пракансультуйцеся з урачом. Іншы раз самалячэнне можа прынесці больш шкоды, чым карысці, – упэўнена загадчык аптэкі Алена Зубік.
Завяршаючы тэму масак і антысептыкаў, нагадаем, што іх можна без праблем купіць у гандлёвых кропках саюздруку, магазінах «Міла», «Востраў чысціні», «Тры цаны» і іншых.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.