Стаўка на свядомасць. Размова з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Ляхавіцкага раёна

Абавязковы масачны рэжым уведзены па ўсёй краіне. Медыкі сцвярджаюць, што маска зніжае вірусную атаку на арганізм, а ў сукупнасці з іншымі мерамі перасцярогі (частае мыццё рук з мылам ці апрацоўка антысептыкамі, захаванне дыстанцыі) дапаможа эфектыўна супрацьстаяць кавіду.
Пра гэта і іншае – размова з галоўным дзяржаўным санітарным урачом Ляхавіцкага раёна Віталіем Ціханавым.

– Віталій Дзмітрыевіч, пачнём с таго, якая цяпер на Ляхавіччыне сітуацыя па каранавіруснай інфекцыі…

– Сітуацыя сур’ёзная, напружаная, але кантралюемая. Як і ў цэлым па краіне, адзначаецца рост захворвання сярод жыхароў раёна, але гэты рост прагназуемы. Медыкі дастойна справіліся з першай хваляй, надзейна, прафесійна працуюць і цяпер. У неабходнай колькасці ва ўстановах аховы здароўя лекавыя прэпараты, сродкі індывідуальнай абароны, кропкі падачы кіслароду, апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх, вырашана і кадравая праблема.
У аптэках раёна не назіраецца недахопу лякарстваў, найбольш запатрабаваных для лячэння ВРІ, а таксама масак, антысептыкаў. І, галоўнае, ніякай панікі сярод насельніцтва.

– Масачны рэжым стаў рэаліяй нашага часу. А якое пакаранне чакае за яго ігнараванне?

– Абавязковае выкарыстанне сродкаў абароны органаў дыхання ад вірусных інфекцый рэспіраторнага характару ўведзена па ўсёй краіне. Наш раён не выключэнне. Нагадаю, што грамадзяне абавязаны выкарыстоўваць маскі ў магазінах, кафэ, рэстаранах, аптэках, бальніцах і паліклініках, навучальных установах, адміністрацыйных будынках, на спартыўных аб’ектах, на пошце і ў банку, у грамадскім транспарце, у тым ліку ў таксі, а таксама ў любых месцах, дзе няма магчымасці захоўваць дыстанцыю.
Адказнасць за захаванне масачнага рэжыму ўскладзена на суб’екты гаспадарання. Іх кіраўнікі самастойна вырашаюць, як дысцыплінаваць наведвальнікаў, пакупнікоў, кліентаў. Адны, напрыклад, адмаўляюць чалавеку без маскі ў абслугоўванні, іншыя прапануюць купіць сродкі індывідуальнай абароны на касе, інфармуюць насельніцтва пра неабходнасць выконваць усе меры прафілактыкі. Аднак, даводзіцца канстатаваць, што ёсць і тыя, хто «закрывае вочы» на адсутнасць сродкаў індывідуальнай абароны. Калі такія выпадкі будуць выяўляцца, да кіраўніцтва арганізацыі, дзе дапусцілі парушэнні, прыменяцца штрафныя санкцыі. Так што няма чаго здзіўляцца, калі чалавека без маскі не пусцяць у аўтобус і не разлічаць у магазіне.
На даным этапе для грамадзян пакаранні за незахаванне абавязковага масачнага рэжыму не прадугледжаны, у адрозненне ад многіх краін. Аднак, пытанне пра прымяненне персанальных штрафаў разглядаецца. А пакуль стаўка на свядомасць кожнага з нас.

– Хто кантралюе выкананне супрацьэпідэмічных мер, у тым ліку захаванне масачнага рэжыму?

– Работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць разнастайныя маніторынгі. Кантралюем выкананне ўсіх правілаў, захаванне мер па нераспаўсюджванні вірусных інфекцый, у тым ліку каранавіруса. Правяраем, ці ў наяўнасці антысептык, наколькі часта праводзіцца праветрыванне, дэзынфекцыя памяшканняў. Сочым, як выконваецца рэжым самаізаляцыі тымі, хто хварэе і лечыцца амбулаторна, кантактамі першага ўзроўню.
Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама зацверджаны комплексны план дадатковых мер па папярэджанні каранавіруснай інфекцыі ў нашай вобласці ў перыяд  пад’ёму захворвання вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. У кожнай установе ці арганізацыі кіраўніцтва абавязана стварыць належныя супрацьэпідэмічныя меры як для сваіх работнікаў, так і для наведвальнікаў. Напрыклад, на аўтавакзале павінны паклапаціцца пра пасажыраў, забяспечыўшы бяспечную рассадку ў зале чакання. У гандлёвых кропках – размясціць антысептыкі для агульнага карыстання, прадаваць маскі, часцей апрацоўваць паверхні дэзынфіцыруючымі сродкамі і г. д.
Грамадзянам неабходна аднесціся да такіх вымушаных мер з разуменнем. Памятайце пра асабістую адказнасць за сваё здароўе і за бяспеку іншых.

Галіна КАНЬКО.