Вясёлкавы асартымент ляхавіцкай «Радугі» прываблівае пакупнікоў

Загадчыца магазіна Надзея Пастушак і прадавец Валянціна Кірша абмяркоўваюць асартымент.

Магазін з жыццярадаснай назвай «Радуга» прываблівае пакупнікоў багатым асартыментам і культурай абслугоўвання. Па словах яго загадчыцы Надзеі Пастушак, сярэднямесячны тавараабарот складае больш за мільярд рублёў. І гэта не дзіўна. У калектыва, а ён складаецца з 10 чалавек, ёсць свой напрацаваны вопыт, у якім спалучаюцца класічныя і сучасныя падыходы да арганізацыі гандлёвага абслугоўвання. Уважлівыя і ветлівыя адносіны да пакупнікоў, уменне эстэтычна і правільна выкласці тавар, прапанаваць яго — быццам бы вядомая схема, але надзвычай выніковая. У гандлёвай кропцы дзейнічае штрыхкодавая сістэма разліку. Гэта дазваляе падтрымліваць прамыя сувязі з пастаўшчыкамі.
— Заходзячы ў іх электронную базу, мы бачым тавар, яго кошт і накіроўваем па электроннай пошце заяўкі. Гэта дазваляе пастаянна пашыраць асартымент (на сёння ў продажы больш як 3 тысячы найменняў тавараў) і хутка рэагаваць на запыты насельніцтва, — дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Надзея Іванаўна. «Плюсы» штрыхкодавай сістэмы і ў тым, што чалавек, атрымаўшы чэк, бачыць «расшыфроўку» пакупак, іх кошт, унесеную суму і выдадзеную рэшту. Для зручнасці пакупнікоў у магазіне ўстаноўлены інфакіёск, ажыццяўляецца безнаяўны разлік ва ўсіх касах.
Кіраўніцтва райпо і магазіна ў інтарэсах пакупнікоў робіць скідкі на гандлёвую надбаўку на шматлікія тавары: малочную, хлебную, рыбную прадукцыю, сокі і напіткі. З усіх мікрараёнаў райцэнтра пакупнікі прыходзяць у «Радугу» за прадукцыяй мясцовага кансервавага завода, якая тут рэалізоўваецца наогул без гандлёвых надбавак. А з пятніцы ў магазіне зніжана гандлёвая надбаўка на цукеркі кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» з 30 да 5 працэнтаў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *