Самые эффективные технологии, мощная техника — ничто, если нет профессиональных специалистов

Сярод апошніх прыгатаванняў перад выхадам у поле — праверка наяўных рэсурсаў: насеннага фонду, тэхнікі, гаруча-змазачных матэрыялаў. А хто будзе сеяць? Нават самыя эфектыўныя тэхналогіі, магутная тэхніка — нішто, калі няма надзейных рук, якім можна ўсё гэта даверыць. Сёння літаральна кожнае сельгаспрадпрыемства заклапочана адным: дзе ўзяць спецыялістаў, механізатараў, каб паспяхова правесці пасяўную кампанію. І тут, як кажуць, усе метады ідуць у ход. Многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў імкнуцца заключыць дагаворы з прамысловымі прадпрыемствамі Баранавіцкага раёна, з навучальнымі ўстановамі па падрыхтоўцы механізатараў, якія б маглі прыслаць на практыку навучэнцаў. Шукаюць добраахвотнікаў, якім абяцаюць амаль што «залатыя горы»… Па словах галоўнага спецыяліста па прававых і кадравых пытаннях райсельгасхарчу Наталлі Юрлевіч, сёння ў раёне з радасцю сустрэлі б, як мінімум, 13 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і хоць бы 25 — з сярэдняй спецыяльнай. Найчасцей патрабуюцца спецыялісты інжынерна-тэхнічнага профілю: галоўныя інжынеры, загадчыкі мехмайстэрняў, інжынеры-энергетыкі, галоўныя энергетыкі. Прычым, патрэбу ў кадрах адчуваюць не толькі эканамічна слабыя сельгаскааператывы, але і тыя, дзе справы ідуць стабільна. Падобная сітуацыя і са спецыялістамі з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Інжынер-электрык патрабуецца ў СВК «Канюхі», тэхнікаў-электрыкаў чакаюць у СВК «Тальмінавічы», «Дарава», ДП «Нача», загадчыкі мехмайстэрняў і брыгадзіры трактарных брыгад вельмі патрэбныя ў СВК «Тальмінавічы», «Дарава», «Ляхавіцкі», «Востраў-Агра».
Што прапануюць нашы гаспадаркі маладым спецыялістам, каб зацікавіць іх, прычым, не на тэрмін абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння ВНУ і ССНУ, а для таго, каб яны «прыжыліся» тут і адказна выконвалі свае абавязкі? У асноўным — перспектыву: жыллё па найме (дзе-нідзе з даплатай) і, мякка кажучы, невялікую зарплату, а яшчэ …абяцанні. Напрыклад, у СВК «Востраў-Агра» хочуць, каб галоўны інжынер працаваў за 1 мільён 700 тысяч рублёў у месяц, столькі ж намераны плаціць галоўнаму энергетыку ў СВК «Тальмінавічы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». А зарплата спецыялістаў сярэдняга звяна ў межах ад 1 мільёна 230 тысяч рублёў (СВК «Дарава») да 2 мільёнаў 500 тысяч рублёў (за такія грошы СВК «Ляхавіцкі» прапануе вакансію майстра-наладчыка). Аднак, пра гэта можна сказаць — «у лепшым выпадку». Бывае і так, як расказала Наталля Юрлевіч. У аддзел кадраў райсельгасхарчу паскардзілася малады спецыяліст з СВК «Тальмінавічы», якой пры запрашэнні на работу паабяцалі жыллё з выгодамі за «пад’ёмныя», добрую зарплату. На справе, замест жылля з выгодамі — звычайная старая хата, мізэрная і несвоечасовая зарплата, ніякіх даплат і выплат. Па гэтых жа прычынах праз 6 месяцаў чакання абяцанага пакінуў сваё працоўнае месца малады спецыяліст з СВК «Да рава».
Летась у раён прыбылі 42 дыпламаваныя спецыялісты сельскагаспадарчага профілю: 12 — з вышэйшай адукацыяй, 30 — з сярэдняй спецыяльнай. І калі для іх праглядваецца некаторая перспектыва, у тым ліку вызначана стабільная зарплата, то для радавых работнікаў усё залежыць ад сезона і аб’ёму выкананых работ. Напрыклад, у СВК «Канюхі» нядаўна назіралася, можна сказаць, масавае звальненне з работы механізатараў. Прычына — банальная, але вельмі паказальная: за люты яны атрымалі зарплату… 800 тысяч рублёў… Гэты выплачаны мізэр нельга разглядаць, як нечае нежаданне заплаціць людзям за работу. Усё намнога прасцей: для таго, каб атрымліваць добрую зарплату, патрэбна развіваць вытворчасць і ўмацоўваць эканамічны стан гаспадаркі. І адносіцца гэта не толькі да СВК «Канюхі».
Што датычыць кадраў механізатараў, то іх не хапае ва ўсіх гаспадарках без выключэння. Толькі існуе яшчэ адна праблема: дзе браць такіх, якія патрэбныя ўсюды, — добрасумленных працаўнікоў, якія выдатна ведаюць тэхніку і захоўваюць працоўную дысцыпліну. На жаль, механізатара з такім «партрэтам» сёння адшукаць цяжка. А калі знаходзяцца, то яны, напэўна, і атрымліваюць не 800 тысяч рублёў і не звальняюцца, а працуюць, з думкай пра будучы ўраджай і пра тое, як сёння правесці пасяўную кампанію ў складаных умовах, каб заўтра быў хлеб на стале.
Між іншым, праблема застаецца, і вырашаць яе трэба не тады, «як на паляванне ісці». Кожны працаўнік павінен быць на асобым «рахунку» ў сельгаспрадпрыемстве, і ў станоўчым адказе на пытанне — застацца яму тут ці далей шукаць сабе месца пад сонцам, трэба, каб зацікаўленымі былі абодва бакі.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *