Шлях з наркатычнага палону. Наркаманія – адна з самых актуальных праблем у сучасным грамадстве

Наркаманія – адна з самых актуальных праблем у сучасным грамадстве. Згубная звычка выклікае нібыта шчасце: чалавек у стане наркатычнага ап’янення перастае адчуваць душэўны і фізічны боль, «з’яўляюцца» лёгкасць, камфорт… Разам з гэтым ён губляе над сабой кантроль і пачуццё рэальнасці. Наркатычны палон трымае не толькі цела, але і псіхіку. Дзеля чарговай дозы прэпарата наркаманы нярэдка ідуць на злачынства.

Абсалютна ўсе наркотыкі па сваёй прыродзе з’яўляюцца ядамі, якія пашкоджваюць усе сістэмы органаў і тканак, але асабліва цэнтральную нервовую сістэму, мозг, палавую сістэму, печань і ныркі. Як правіла, людзі нават з самым моцным здароўем пры рэгулярным ужыванні наркотыкаў жывуць не больш за 10 гадоў. Большасць памірае раней.

Паколькі наркаманы карыстаюцца нестэрыльнымі шпрыцамі, сярод іх распаўсюджаны шматлікія хваробы, якія перадаюцца праз кроў: СНІД, гепатыт і іншыя.

Уплываюць наркотыкі і на душэўнае аблічча чалавека. Нарастае эмацыянальнае спусташэнне, узнікаюць раздражняльнасць, апатыя, паслабленне волі, а пры ўжыванні асобных рэчываў зніжаецца інтэлект. Знешне ўсё гэта праяўляецца млявасцю, чэрствасцю, грубіянствам, эгаізмам, ілжывасцю.

Наркаман губляе інстынкт самазахавання і лёгка можа замерзнуць, стаць ахвярай злачынства, патрапіць у аварыю, загінуць ад няшчаснага выпадку. Многія заканчваюць жыццё самагубствам або гінуць гвалтоўнай смерцю, бо яны часцей за ўсё звязаны са злачыннасцю.

Важна як мага раней убачыць першыя прыкметы ўжывання наркотыкаў. Трэба насцярожыцца, калі ў паводзінах чалавека без бачных прычын заўважаюцца няўстойлівасць эмацыянальнага стану; млявасць, хуткая стамляльнасць, узбуджанасць і энергічнасць з бязмэтнымі рухамі, перабіранне рэчаў, няўседлівасць; прыкметнае зніжэнне або павелічэнне апетыту і смагі. Трывожны «званок» – пашыраныя або звужаныя зрэнкі, бледная скура, пачырванелыя або мутныя вочы, хранічны кашаль; пастаянны пошук грошай; кропкавыя сляды ад уколаў на венах, на ўнутраным боку локцевых згібаў, кісцях рук, нагах, парэзы на перадплеччах, сінякі; прадметы, спадарожныя ўжыванню наркотыкаў: парашкі, капсулы, таблеткі, шпрыцы і г. д.; малазразумелыя размовы па тэлефоне з выкарыстаннем жаргону.

Праблема наркаманіі тычыцца кожнага. Пакуль у грамадстве ёсць абыякавыя людзі, яе не выкараніць.

Дзмітрый КОТАЎ, старшы оперупаўнаважаны  ГНіСГЛ РАУС.