Зорнае трыа. Навучэнцы Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў прынялі ўдзел у V Міжнародным фестывалі мастацтваў «#BYFEST»

Мінулую суботу навучэнцы Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў правялі творча і музычна. Рабяты прынялі ўдзел у V Міжнародным фестывалі мастацтваў «#BYFEST», які праходзіў у Мінску з 19 па 22 лістапада.

Спаборнічалі юныя таленты ў розных намінацыях: «тэатральная творчасць», «лялечны тэатр «Батлейка», «харавыя калектывы», «мастацкае слова» і іншых. Некалькі з іх скарыліся і ляхавічанам.

У намінацыі «інструментальная музыка: народныя шматструнныя шчыпковыя інструменты (цымбалы, бандура, гуслі і г. д.)» дыплом «Сімпатыя журы» атрымала навучэнка 2 класа Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Алеся Шадура.

Алеся Шадура

У намінацыі «інструментальная музыка: народныя інструменты (баян, акардэон)» дыплом III ступені ў навучэнкі 3 класа філіяла Навасёлкаўскай ДШМ у аграгарадку Нача Ілоны Міклашэвіч.
У гэтай жа намінацыі дыплом «Сімпатыя журы» ў навучэнкі
5 класа філіяла Навасёлкаўскай ДШМ у аграгарадку Жарабковічы Караліны Лук’янчык.


Ілона Міклашэвіч і Караліна Лук’янчык.

– Мне вельмі спадабалася выступаць, гэта было проста супер! Іграла песню «Синий платочек». Мяне падтрымлівалі сябры, мой настаўнік, мама. І мне хочацца яшчэ ездзіць на такія конкурсы. Рыхтавалася доўга, хадзіла нават летам. Асабліва запомніўся Палац культуры чыгуначнікаў. Яшчэ спадабалася журы, як нас сустракалі госці, як нас падтрымлівалі. І, вядома ж, прыемна выходзіць на сцэну за дыпломам і медалём. Хацелася б падзякаваць усім нашым выкладчыкам за іх цярпенне і працу, за веды, якія яны нам даюць, – гаворыць Караліна Лук’янчык.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота з архіву Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў.