Мастакоў чакае штраф. Як мінімум

Вось ужо некалькі месяцаў запар з незайздросным пастаянствам штотыдзень то тут, то там у горадзе з’яўляюцца надпісы і малюнкі, «выкананыя» пераважна чырвонай і белай фарбамі. Асабліва пакутуюць ад вандалаў камунальныя аб’екты. У КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» расказалі, што за апошні час «пацярпелі» сцены шматкватэрнікаў і трансфарматарных падстанцый, будынак вузла паштовай сувязі і прыпынкі гарадскога транспарту, апоры для вулічнага асвятлення і агароджа, кантэйнеры для збору смецця і нават грамадская прыбіральня, гаражы і дарожны асфальт.

– Нанясенне надпісаў на будынках ці збудаваннях можа кваліфікавацца як адміністрацыйнае правапарушэнне ці злачынства. Усё залежыць ад месца нанясення надпісаў і іх зместу. Так, за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, што адпавядае стратам у нязначным памеры, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь. У артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса ўказана, што пашкоджанне (псаванне) будынкаў ці збудаванняў цынічнымі надпісамі ці выявамі, маёмасці на грамадскім транспарце ці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці іншых прыкмет больш цяжкага злачынства, караецца грамадскімі работамі, штра- фам ці арыштам. Акрамя таго, ра-зам з прыцягненнем да адказнасці грамадзянін-парушальнік павінен будзе ў судовым парадку вярнуць сродкі, якія пайшлі на прывядзенне сапсаванага надпісамі будынка ў належны стан, – тлумачыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.
«Маляванкі» – галаўны боль для камунальнікаў. Як адзначылі ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», збудаванні, што знаходзяцца на балансе камунгаса, аднаўляюцца за кошт самой арганізацыі.
– Прыходзіцца іншы раз прыцягваць людзей да работы і ў выхадныя дні. Зноў жа  дадатковыя расходы. Плюс выдаткі непасрэдна на матэрыялы. Напрык-лад, на фарбу для аднаўлення сапсаванай дарожнай разметкі, у тым ліку пешаходных пераходаў. Вапна, якой зафарбоўваем такую «творчасць», магла пайсці на пабелку дрэў, бардзюраў і г. д. А за сродкі, што расходуюцца на фарбы, можна было б набыць насенне травы для газонаў… Работнікі жылфонду, каб замазаць чыёсьці глупства, трацяць сродкі, якія прыйшліся б дарэчы ў разнастайных бягучых рамонтах, для добраўпарадкавання дваровых тэрыторый і іншага. Напрыклад, толькі на радасць жыльцам былі б  новая лаўка, пясочніца ці арэлі для дзяцей. Але з гэтым трэба будзе пачакаць, бо даводзіцца траціцца на аднаўленчыя работы пасля «набегаў» хуліганаў, – расказвае начальнік участка добраўпарадкавання Ляхавіцкай ЖКГ Уладзімір Несцяровіч.
Што кіруе гора-мастакамі? Відавочна, пра мастацкія таленты і схільнасці да творчасці гаварыць не даводзіцца. Для самасцвярджэння гэта таксама сумніўны спосаб. Хутчэй размова пра элементарную адсутнасць сумлення, непавагу да чужой працы і землякоў, залішнюю ўпэўненасць ва ўласнай беспакаранасці і наяўнасць немалой колькасці вольнага часу.
Усё гэта здольна вылечыць доб-рая доза працатэрапіі. У ідэальным раскладзе – на агульную карысць. А слабо падрамантаваць лаўкі, падфарбаваць арэлі, падбяліць дрэвы? А свае палітычныя і іншыя прыхільнасці можна выказаць дома, напрыклад, на шпалерах. Тут поўная свабода дзеянняў…