Маска прычосцы не перашкода

Папярэдні запіс, часавая «адлегласць» паміж кліентамі не менш за пяць мінут (каб паспець апрацаваць антысептыкам не толькі рукі майстра, але і ўсе прыборы), рассадка ў памяшканні для чаканняў праз 1,5-2 метры і, канешне ж, абавязковы атрыбут – маска. У ёй павінен быць і майстар, і кліент, інакш адміністратару давядзецца заплаціць штраф. Гэтыя і шэраг іншых прафілактычных мер прадугледжаны сёння ў салонах прыгажосці і цырульнях.

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў расказаў, што праверкі, маніторынгі гандлёвых кропак і аб’ектаў бытавога абслугоўвання не спыняліся, нават калі было пэўнае зацішша з каранавірусам, пры гэтым парушэнняў рэгіструецца ўсё менш. Датычацца яны ў асноўным мер прафілактыкі: адсутнічаюць антысептыкі, неналежным чынам выконваецца рэжым дэзынфекцыі, няправільна выкарыстоўваюцца маскі. Як і за любое незахаванне санэпідрэжыму, за гэта прадугледжаны штраф. Калі парушэнні сур’ёзныя ці на адным і
тым жа аб’екце выяўляюцца паўторна, то можа прымацца рашэнне аб спыненні дзейнасці аб’екта, тлумачыць Віталій Ціханаў.
Нядаўна давялося пабываць у двух гарадскіх салонах прыгажосці. Усе майстры ў масках і пальчатках, перад тым, як пачаць наводзіць кліентам марафет (манікюр, стрыжка, афарбоўка валасоў і іншыя працэдуры), абавязкова апрацоўваюць рукі антысептыкам. Аналагічны алгарытм дзеянняў і пасля аказання паслугі. Таксама прапануюць апрацаваць рукі і кліенту.
– Трэба клапаціцца і пра бяспеку майстра, і пра тое, каб было камфортна кліенту, каб мінімізаваць для яго рызыку заразіцца, – адзначае гаспадыня салона прыгажосці «Манро» Марта. Яна расказвае, што дэзынфекцыю, вільготнае прыбіранне ў салоне праводзяць некалькі разоў на дзень, майстры мяняюць маскі праз дзве гадзіны.
Гэтым часам землякоў хвалююць і многія іншыя пытанні. Напрыклад, наколькі абмежавана аказанне медыцынскіх паслуг, не звязаных з каранавіруснай інфекцыяй.
– У адрозненне ад першай хвалі, у Ляхавіцкай райбальніцы не абмежавана планавая шпіталізацыя пацыентаў з хваробамі, не асацыяванымі з COVID-19. Калі ўрач палічыць мэтазгодным і неабходным ваша лячэнне ў стацыянары, вас абавязкова шпіталізуюць. Таксама прадаўжае працаваць фізіятэрапеўтычнае аддзяленне, праўда неабходныя працэдуры аказваюць хворым пры наяўнасці паказанняў, а не ў мэтах прафілактыкі ці ўмацавання імунітэту, – адзначае намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў.
У паліклініцы ў чыстай зоне прыём па-ранейшаму вядуць урачы вузкіх спецыяльнасцей, як і ўрачы агульнай практыкі.

Галіна КАНЬКО.