Разумная прафілактыка. На Брэстчыне дзейнічае масачны рэжым

Паштальён Таццяна Арцёмчык (справа) да сваіх кліентаў цяпер прыходзіць з захаваннем усіх патрабаванняў «каранавіруснай моды».

Арганізацыі і ўстановы сферы паслуг прадаўжаюць працаваць у звычайным рэжыме, але пры гэтым імкнуцца стварыць максімальна зручныя і бяспечныя ўмовы для сваіх супрацоўнікаў, якім даводзіцца кантактаваць з вялікім патокам людзей, і для кліентаў.

У гарадскім аддзяленні паштовай сувязі ў будны дзень з раніцы нязвыкла нешматлюдна. Але і тыя, хто прыйшоў сюды за атрыманнем паслуг, і супрацоўнікі аддзялення дысцыплінаваныя, з абавязковым атрыбутам – маскай, захоўваецца і сацыяльная дыстанцыя. Акрамя таго, паштавікі яшчэ і ў пальчатках, для кліентаў гэта мера перасцярогі –  па жаданні. Каля кожнага акна – дэзынфіцыруючыя сродкі для апрацоўкі рук. У кожным аб’екце паштовай сувязі размешчана інфармацыя пра захаванне масачнага рэжыму. Да традыцыйных характарыстык пошты – хутка, надзейна, даступна – цяпер у сувязі з каранавірусам можна дадаць і акалічнасць «бяспечна».
– Маскі, пальчаткі, антысептыкі выдаюцца кожнаму работніку ў службовым парадку за кошт прадпрыемства. Нашы супрацоўнікі мяняюць маскі кожныя дзве гадзіны, пальчаткі – па меры неабходнасці. Усе азнаёмлены з нарматыўнымі дакументамі Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, рашэннем Брэсцкага аблвыканкама па папярэджванні распаўсюджвання ВРІ, у тым ліку выкліканых каранавірусам. Выкананне санітарных нормаў кантралюе кіраўніцтва аддзялення сувязі. Калі кліент прыйшоў абслужыцца без маскі, паштавікі прапануюць яе надзець ці купіць непасрэдна ў аператара. У нас можна купіць і антысептык. Работнікі «Белпошты», якія дастаўляюць адпраўленні па адрасах, таксама забяспечаны ўсімі неабходнымі сродкамі. Для антывіруснай бяспекі кліентаў пры дастаўцы пенсій і дзяржаўных дапамог на дом грошы выдаюцца ў індывідуальных поліэтыленавых пакетах. Акрамя таго, калі даводзіцца абслугоўваць хворага з каранавіруснай інфекцыяй, то для такіх выпадкаў у паштальёнаў ёсць індывідуальныя ахоўныя касцюмы, – расказвае намеснік начальніка Баранавіцкага РВПС
РУП «Белпошта» Вольга Борыс.
COVID-19 хоць і ўнёс значныя карэктывы ў работу паштавікоў, але ў гарадскім аддзяленні абслугоўваюць усіх па-ранейшаму прафесійна, спакойна, ветліва.
– Пакуль нікому не даводзілася нагадваць надзець маску. Людзі разумеюць, што гэта неабходна і дапамагае супрацьстаяць вірусу. Канешне ж, я і мае калегі таксама захоўваем масачны рэжым: беражом не толькі сваё здароўе, але і здароўе сваіх сем’яў, а таксама кліентаў, – гаворыць спецыяліст па паштовай дзейнасці гарадскога аддзялення сувязі Людміла Жагунь.


У Ляхавіцкім ЦБП № 135 Белаграпрамбанка яшчэ на ўваходзе прапануецца надзець маскі. На століку ў холе – антысептык для кліентаў. Такія ёсць у кожным аперацыйным акенцы… На падлозе разметка, каб наведвальнікі маглі захоўваць сацыяльную дыстанцыю – 1,5 метра.
– За дзень у наш цэнтр прыходзіць іншы раз да сотні кліентаў, таму меры перасцярогі абавязковыя. Кожную раніцу работнікі ў спецыяльны журнал запісваюць паказчыкі сваёй тэмпературы цела, у каго яна павышаная – да работы не дапускаем. Пальчаткі, маскі, антысептыкі для апрацоўкі рук выдаём супрацоўнікам за кошт банка. Канешне ж, абавязковая і штодзённая пастаянная санітарная ўборка ва ўсіх памяшканнях. З моманту ўвядзення абавязковага масачнага рэжыму не было ні аднаго выпадку, каб грамадзяне адмаўляліся надзяваць маскі. Калі такія кліенты ўсё ж з’явяцца, ім будзе адмоўлена ў аказанні паслуг, – расказвае пра спецыфіку работы падчас эпідэміі каранавіруса начальнік ЦБП № 135 у г. Ляхавічы ААТ «Белаграпрамбанк» Жанна Занько.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.