Пра папаўненне і кадравы патэнцыял. На пытанні землякоў у грамадскай прыёмнай адказвала першы намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Работа грамадскіх прыёмных – запатрабаваная форма дыялогу паміж уладай і насельніцтвам. Гэта пацвердзіў і апошні дзень сёлетняй восені.
30 лістапада на пытанні землякоў адказвала першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы  і харчаванні Анастасія Рабцэвіч.

Першае пытанне датычылася прафсаюзаў. Жыхарку раёна цікавіла, якая колькасць сельгаспрацаўнікоў з’яўляецца членамі прафсаюза.
– Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка неаднойчы акцэнтаваў увагу на важнай ролі прафсаюзаў у жыцці грамадства. Калі браць канкрэтна работу гэтай грамадскай арганізацыі ў аграпрамысловым сектары Ляхавіцкага раёна, то, адназначна, падыходзіць адзнака выдатна.
2700 членаў прафсаюза (98 працэнтаў ад усіх занятых у  сельгасвытворчасці), з якіх 186 знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але пры гэтым пажадалі застацца ў прафсаюзе, –
такі цяперашні склад раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Пра ўплывовасць арганізацыі сведчыць тое, што яна пашыраецца: створана прафсаюзная пярвічка на ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», у якую ўвайшлі 40 работнікаў прадпрыемства. Акрамя таго, прафсаюзныя ячэйкі арганізаваны яшчэ на двух прыватных прадпрыемствах – «Шумілаў» і «Белгранітсэрвіс», у іх адпаведна ўвайшлі 25 і 32 чалавекі. Такая запатрабаванасць сведчыць пра давер, які землякі аказваюць прафсаюзам, –  адзначыла Анастасія Рабцэвіч.
Ляхавічаніна хвалюе эканамічны складнік развіцця сельскай гаспадаркі, у прыватнасці, будаўніцтва новых малочнатаварных фермаў і комплексаў. Па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, у наступным годзе чакаецца нямала наваселляў. Пачата будаўніцтва новага комплексу на тысячу галоў дойнага статка ў СВК «Ляхавіцкі», у перспектыве такі ж МТК з’явіцца і ў
ААТ «Жарабковічы».
У планах – рэканструкцыя МТФ «Цэнтр» у  ААТ «Нача».
– Сын вучыцца ў выпускным класе. У будучым вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай і пасля школы хоча атрымаць вышэйшую адукацыю. Ці выдаюць цяпер мэтавыя накіраванні для паступлення ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю? – пытанне, з якім звярнулася да Анастасіі Рабцэвіч аграгараджанка.
Адказ заяўніцу задаволіў: накіраванні выдаюцца, дастаткова толькі папярэдне звярнуцца ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Дарэчы, накіраванне могуць атрымаць не толькі жыхары нашага раёна, але і іншых. Абавязковая ўмова: пасля заканчэння ВНУ маладым спецыялістам неабходна будзе адпрацаваць пяць гадоў у АПК Ляхавіччыны, пасля ССНУ – тры гады.
Галіна КАНЬКО.