«Экспромт» для «Вясёлкі надзеі». Аддзяленне дзённага знаходжання для инвалідаў ТЦСАН г. Ляхавічы адзначыла дзесяцігоддзе

Рэцэпт ад адзіноцтва і для аздараўлення душы ведаюць у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, што працуе пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яго складнікі правераны часам і пацверджаны вопытам, а таксама адносінамі, якія тут склаліся за дзесяцігоддзе – менавіта столькі споўнілася гэтымі днямі падраздзяленню ТЦСАН.

Па ініцыятыве ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама ТЦСАН арандаваў у райбальніцы памяшканне, і 1 снежня 2010 года для людзей з абмежаванымі магчымасцямі адкрыўся «дом, у якім чакаюць» –
так назвалі аддзяленне яго падапечныя. Канешне, домам два спецыяльна прыстасаваныя невялічкія пакоі і калідор назваць было цяжка. Але тая порцыя ўвагі і цеплыні, разумення і дапамогі, што тут знайшлі для сябе інваліды I і II груп, непараўнальна з бытавымі нязручнасцямі.
Пазней пераехалі ў іншае памяшканне, дзе «прапісаны» і сёння: больш утульнае і камфортнае, яно нечым нагадвае кватэру, дзе маюцца вялікі стол для сумесных пасядзелак, кухня з мікрахвалёўкай і магчымасцю разам папіць чай. А ў пакоях
на сцяне і паліцах – сапраўдны вернісаж творчасці наведвальнікаў аддзялення. Ад работ не адвесці вачэй. Тут і шматлікія вырабы з бісеру. Бісерапляценне тады захапіла так, што нават прадстаўнікі моцнага полу з дэкаратыўных элементаў з натхненнем рабілі кветкі, дрэвы, упрыгожанні.
Спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання вучылі падапечных не толькі розным тэхнікам аплікацыі, лепкі, малявання і дызайну, але і прымалі актыўны ўдзел у міжраённых спаборніцтвах, фестывалях, наведвалі музеі і г. д. Паездкі, перамогі ў конкурсах, уражанні і ўсе значныя падзеі фіксавалі-пазначалі ў штоквартальнай газеце «Наш свет», што тут выдавалася. Сёння гэтыя нумары – цудоўны летапіс і экскурсавод па жыцці падраздзялення ТЦСАН.
З самага заснавання ўзначальвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана Несцяровіч. У свой час ёй, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, давялося працаваць з дзецьмі-сіротамі, інвалідамі ў Ястрамбельскай школе-інтэрнаце, і атрыманы вопыт дапамог у гэтай рабоце.
– Наша задача – аказанне садзейнічання ў сацыяльна-бытавой, працоўнай і псіхалагічнай рэабілітацыі людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Да кожнага наведвальніка стараемся знайсці свой ключык, дапамагаем паверыць ва ўласныя сілы і раскрыць здольнасці. Прыемна, што за дзесяцігоддзе для многіх сталі сябрамі, а для некаторых і другой сям’ёй, – падкрэслівае Святлана Яўгеньеўна.
У такой установе не працуюць выпадковыя супрацоўнікі – «асаблівыя» людзі тонка адчуваюць фальш. Прыжыліся тыя, хто валодае тактам і цярпеннем, – шчырасць і спагада тут не напаказ. З заснавання тут спецыяліст па сацыяльнай рабоце Жанна Прывольнева, якая ў курсе праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі: праводзіць абследаванне ўмоў іх жыцця, выяўляе патрэбы, трымае сувязь з бацькамі інвалідаў і г. д. Лілія Буйко ў адказе за творча-тэатральны патэнцыял наведвальнікаў аддзялення і навучанне тэхніцы імітацыі розных фактур і тэкстур. Уменне працаваць на камп’ютары і майстраваць сувеніры, іншыя рэчы перадае Дзіна Кендыш. Як гасцінная гаспадыня сустракае наведвальнікаў аддзялення сацыяльны работнік Наталля Свінабурка: дапамагае, напрыклад, распрануцца-апрануцца, вырашыць бытавыя праблемы. Для кожнага з наведвальнікаў плануецца індывідуальная праграма дзейнасці ў адпаведнасці з заключэннем МРЭК.
Справы па душы і шматлікія сустрэчы – гэтым жылі і жывуць падапечныя аддзялення. Для іх клубы «Вясёлка надзеі», «Экспромт», «Свой круг», «Дэбют», «Гаспадыня», «Камп’ютарны свет» і г. д. Падраздзяленне наведваюць 22 чалавекі  з рознымі характарамі і жыццёвымі абставінамі, але адкрытыя і добрыя, якія ўмеюць цаніць кожны шчаслівы момант.
Каб стаць наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, толькі і патрэбна, што прайсці медкамісію. У ТЦСАН створаны банк даных землякоў ад 18 гадоў і старэйшых, у каго ёсць група інваліднасці. Штогод спецыялісты цэнтра праводзяць абследаванне, вызначаюць віды дапамогі. Наладжана пераемнасць паміж аддзяленнем і ЦКРНіР. Эпідсітуацыя ўнесла карэктывы ў работу цэнтра, але мы працуем для людзей і дзеля іх, – падкрэслівае дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская.
У аддзяленні дзённага знаходжання вучаць сваіх падапечных быць самастойнымі. Дзейнічае рэабілітацыйна-працоўная майстэрня па вырабе сувенірнай прадукцыі, дзе людзі з інваліднасцю маюць магчымасць заняцца грамадска карыснай дзейнасцю, зрабіць прыгожыя сувеніры. Калі вы купіце такі выраб, то падтрымаеце іх.
Аказваюць тут і паслугі ксеракопіі – для насельніцтва кошт адной старонкі складае 23 капейкі.
Дарэчы, з кастрычніка ў аддзяленні прадастаўляецца паслуга памочніка па суправаджэнні інваліда I групы з парушэннем апорна-рухальнага апарата і па зроку. З умовамі па яе атрыманні можна азнаёміцца на сайце ТЦСАН.
За дзесяцігоддзе дзейнасці ў аддзялення і яго падапечных з’явілася многа сяброў, людзей, нераўнадушных да лёсу асаблівых землякоў. Калектыў вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукаецца на просьбу аб дапамозе. У спісе сяброў малочны і кансервавы, торфабрыкетны заводы, «Трансэлектракамплект», індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя.
А гэтымі днямі ў купалаўцы адкрылася выстава-продаж работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Цацкі, сурвэткі і іншыя вырабы прадстаўляе рамеснік Вольга Таранда, вышыўку – Галіна Малевіч, малюнкі алоўкам – Іван Рашанаў. Той, хто бачыў увесь гэты цуд, пацвердзіць: на гэта варта не толькі паглядзець, але і набыць у падарунак ці сабе.

Галіна МАЛЕВІЧ:
– У аддзяленне іду з радасцю. Робім тут прыгожыя вырабы з розных матэрыялаў. Дзяўчаты пакажуць – я і сабе зраблю, і ў аддзяленне. Крыжыкам навучылася вышываць, кошычкі з папяровых трубачак круціць. Падабаецца разам з усімі ездзіць на экскурсіі, хадзіць у паходы, наведваць музеі. Сама б не сабралася. У аграгарадку Жамчужны традыцыйна ўдзельнічаем у спаборніцтвах, там у нас столькі сяброў!

Ганна ЛУК’ЯНАВА:
– Па натуры я аптымістка. Люблю пажартаваць, пасмяяцца. Падабаецца рэпеціраваць сцэнкі, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Сёлета, напрыклад, рэпеціравалі мюзікл «Любоў па-індыйску». Знялі на відэа і адправілі ролік на фестываль «Кветка сонца». 11-ы раз ён павінен прайсці ў аграгарадку Мірны, з-за каранавіруса будзе ў анлайн-фармаце.

Васілій КІРМЕЛЬ:
– Прыходжу сюды ўжо чатыры гады. Раней не хацеў удзельнічаць у тэатральных пастаноўках, а дзяўчаты зацікавілі. Аказалася, што іграю добра, кажуць, артыстычна. У шахматы партыю-другую люблю сыграць.

Святлана СЯРГЕЙ:
– Для мяне тут усё блізкае. Спяшаюся сюды штодзень ужо дзесяць гадоў. Калектыў дружны, дапамагаюць і разумеюць. Люблю рукадзелле, проста пасядзець у душэўнай кампаніі, папіць чаю, паразмаўляць.

Дзмітрый БУЛАТЫ:
– У аддзяленні адзін са старажылаў. Пабываў на ўсіх спаборніцтвах, спартыўных стартах. Добрыя вынікі паказваю ў настольным тэнісе. Падабаецца, калі мы бываем у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Нас там чакаюць. Рыхтуем для дзетак лялечны спектакль. А яшчэ запомнілася, як мой дзень нараджэння адзначалі на сацыяльнай дачы ў Русінавічах.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.