“Еўра” становіцца далей

Еўрапейскія жаночыя зборныя працягваюць змагацца за пуцёўкі ў Англію, дзе летам 2022 года пройдзе фінал Чэмпіянату Еўропы па футболе. У тым ліку і Нацыянальная каманда Беларусі, для якой мінулая пятніца стала чарговым гульнявым днём. Для гэтага неабходна было пераадолець шлях у Паўночную Ірландыю, каб на “паляне” мясцовага стадыёна даць бой камандзе гаспадароў. Бой, адзначым адразу, быў, мячы “заляталі” як у адны, так і другія вароты. Першы гол здарыўся ўжо на другой мінуце матча – вызначыліся паўночнаірландкі. Нягледзячы на тое, што ўсю першую паўгадзіну сустрэчы гульнявая перавага заставалася за імі, мінут праз 15 у нашых атрымалася забіць свой мяч. Першы тайм так і завяршыўся. Больш таго, нічыйны – 1:1 – лік пратрымаўся да 61 мінуты сустрэчы. У сваёй штрафной пляцоўцы беларускі дапусцілі фол, за што і былі пакараны 11-метровым штрафным ударам – 2:1. Такія лічбы трымаліся на табло не доўга: праз 5-6 мінут беларускі ажыццявілі выніковы розыгрыш і зноў нічыя. І – зноў ненадоўга: не прайшло і трох мінут, як нашы зямлячкі арганізавалі чарговы гол – на вялікі жаль, ва ўласныя вароты. Аўтагол, і вырашыў лёс сустрэчы. У апошнія два дзясяткі мінут гульнявога часу гасцявая каманда рабіла ўсё, каб адыграцца да, як мінімум, нічыйнага па завяршэнні гульні часу. Паўночнаірландкі ж, наадварот: “прытрымлівалі” мяч, не спяшаліся ўводзіць яго ў гульню. На самых апошніх хвілінах гульні правялі дзве, як гэта нярэдка называюць, “тактычныя” замены і завяршылі сустрэчу на сваю карысць. Лік – 3:2.
Былая ляхавічанка, а цяпер мінчанка Анастасія Пабягайла на поле не выходзіла – знаходзілася ў запасе.
Пасля гэтых падзей турнірную табліцу нашай групы ўзначальвае каманда Нарвегіі, якая 6 гульняў правяла і ўсе выйграла. Пасля такой жа колькасці сыграных матчаў у беларусак 6 ачкоў і чацвёртае, на даны момант, месца ў групе.

Іван КАВАЛЕНКА.