Пошта – сінонім мабільнасці. «Белпошта» сёлета ўвайшла ў топ-20 сусветнага рэйтынгу паштовага развіцця

Фота з архіва Баранавіцкага РВПС.

Канстатацыя факта: на айчынным рынку паштовых паслуг РУП «Белпошта» з’яўляецца манапалістам і бясспрэчным лідарам, а сёлета яно ўвайшло ў топ-20 (усяго за гэта права змагаліся паштовыя аператары са 170 краін свету) сусветнага рэйтынгу паштовага развіцця. Дарэчы, два гады назад у «Белпошты» была 32-я пазіцыя. Сёння па ўсёй краіне сотні аддзяленняў паштовай сувязі аказваюць насельніцтву самыя запатрабаваныя, неабходныя і папулярныя паслугі, прычым з кожным годам іх колькасць павялічваецца, а якасць паляпшаецца. Асаблівы акцэнт у распрацоўцы новых накірункаў – на аказанне і даступнасць сацыяльна значных паслуг, у істотнай ступені гэта датычыцца арганізацыі работы паштавікоў у сельскай мясцовасці.
Якія меры прымаюцца, каб попыт на паслугі пашыраўся? Пра гэта ў размове з начальнікам Баранавіцкага РВПС Вольгай Арэхвай.

– Вольга Мікалаеўна, з чым звязаны перагляд прыярытэтаў у рабоце пошты для сельскага насельніцтва?

– Імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій, змяненні ў попыце насельніцтва паўплывалі на пералік паслуг, што аказваюцца ў аграгарадках і вёсках. Попыт канкрэтна на паштовыя паслугі параўнальна з некалькімі гадамі назад не такі высокі. Таму адбылася пэўная пераарыентацыя на карысць рэалізацыі праз аддзяленні сувязі і праз паштальёнаў тавараў паўсядзённага попыту, прыёму аплаты за разнастайныя паслугі. На жаль, не ва ўсіх населеных пунктах, дзякуючы і такім мерам, удалося поўнасцю кампенсаваць нашы затраты. І гэта падштурхоўвае зноў шукаюць альтэрнатыву аказваемым паслугам.  

Сучаснаму спажыўцу перш за ўсё патрабуецца якасць паслуг як паштовых, так і няпрофільных.

– Калі ласка, раскажыце пра самыя цікавыя навінкі ў паштовым абслугоўванні. І ў чым іх асаблівасць?

– Паспелі добра зарэкамендаваць сябе матарызаваная дастаўка, запатрабаваныя перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі, дыстанцыйнае абслугоўванне. «Белпошта»актыўна ўкараняе новыя тэхналогіі, развівае дыстанцыйныя сэрвісы і кур’ерскія паслугі, удасканальвае транспартна-лагістычную сістэму. У 2019 годзе
«Белпошта» прадставіла апаратна-праграмны комплекс «Мабільны паштальён», які створаны з мэтай аптымізацыі выдаткаў, павышэння якасці абслугоўвання насельніцтва. Гэтыя мабільныя прыстасаванні дазваляюць максімальна наблізіць паслугі да спажыўцоў, зрабіць іх больш даступнымі і зручнымі, а таксама павялічыць долю безнаяўных плацяжоў, што асабліва актуальна ў перыяд каранавіруснай пандэміі. У лістападзе «Мабільны паштальён» запрацаваў і на Брэстчыне. Сярод першапраходцаў для новага праекта – і горад Ляхавічы. У наступным годзе плануецца ўстанавіць мабільныя тэрміналы на ўсіх працоўных месцах паштальёнаў.

– У чым сутнасць «Мабільнага паштальёна»?

– Гарадскія аддзяленні застаюцца такімі, як і раней.

А вось сельскія чакаюць пэўныя змяненні. З улікам змяншэння аб’ёмаў аказваемых паслуг мяняецца графік работы аддзяленняў – становіцца карацейшым, бо асноўную масу паслуг бярэ на сябе менавіта «Мабільны паштальён». Такія паслугі, як афармленне падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі – газеты, часопісы, прыём плацяжоў шляхам АІС «Разлік» у АРІП, прыём і выдача паштовых адпраўленняў і грашовых пераводаў, выплата пенсій і дапамог, рэалізацыя спажывецкіх тавараў і паштовай прадукцыі, аказваюцца «Мабільным паштальёнам» на такім жа высокім узроўні, як на стацыянарным аб’екце. Гэты апаратна-праграмны комплекс дазволіць кліентам разлічвацца і банкаўскай карткай.

У будучым плануем актыўна развівацца, каб забяспечыць у тым ліку і вяскоўцам паўнацэнны доступ да паштовых паслуг і тым самым садзейнічаць паляпшэнню якасці жыцця ў сельскай мясцовасці.