Сямейны разлік. Грамадскія прыёмныя ўсё больш замацоўваюць за сабой пазіцыі дыялогавых пляцовак і кансультацыйных пунктаў

Грамадскія прыёмныя ўсё больш замацоўваюць за сабой пазіцыі дыялогавых пляцовак і кансультацыйных пунктаў. Сюды паступаюць пытанні аграрнай, эканамічнай, камунальнай і іншай тэматыкі. У мінулую сераду на сувязі была загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Гачко.

Патэлефанаваў ляхавічанін і пацікавіўся, ці можа мнагадзетная сям’я накіраваць на будаўніцтва дома сямейны капітал.
Права датэрміновага распараджэння гэтым відам дзяржаўнай дапамогі маюць сем’і, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў па месцы пражывання.
У ТЦСАН паведамілі, што за датэрміновым выкарыстаннем сямейнага капіталу ў раёне з пачатку года звярнуліся 76 чалавек, з якіх тры – на атрыманне вышэйшай адукацыі, астатнія – на паляпшэнне жыллёвых умоў.
Дарэчы, нядаўна ў райвыканкам звярталася мнагадзетная сям’я, якая па ўважлівых прычынах прапусціла тэрмін звароту за адкрыццём рахунка ў  «Беларусбанку» на сямейны капітал. Рашэннем райвыканкама тэрмін звароту быў адноўлены, і заяўніку неабходна не пазней за шэсць месяцаў з моманту аднаўлення тэрміну звярнуцца ў банк для адкрыцця рахунка. Між тым, права на распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу (у тым ліку і датэрміновае) наступае толькі пасля адкрыцця ва ўказаны тэрмін рахунка па ўліку дэпазіту «Сямейны капітал».

У панядзелак, 7 снежня, у кабінеце № 202  райвыканкама ў грамадскай прыёмнай  з 12 да 13 гадзін будзе працаваць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Барысаўна Прыхач (нумар тэлефона 6-05-65).

Наталля ПЕРАПЕЧКА.