Калі мэта адна. У Ляхавіцкім раёне працуе камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях

І дзяржава, і розныя рэлігійныя канфесіі маюць адну агульную мэту – каб у нашым грамадстве былі мір і спакой

Асноўныя прынцыпы канфесійнай палітыкі краіны застаюцца нязменнымі і прадугледжваюць права грамадзян на свабоду сумлення і веравызнання, што і занатавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У Ляхавіцкім раёне працуе камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях, якую ўзначальвае намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Чарговае пасяджэнне камісіі адбылося ў мінулую сераду.
– Рэлігія застаецца сур’ёзнай сілай, што ў многім фарміруе духоўныя, культурныя і дзяржаўныя традыцыі. З улікам гэтага і будуюцца ўзаемаадносіны раённай улады і рэлігійных суполак. Надзвычай важна, што прадстаўнікі розных канфесій не застаюцца ў баку ад грамадскага жыцця і вырашэння агульных задач. Адна з найбольш важных – выхаванне падрастаючага пакалення. Свяшчэннаслужыцелі праводзяць актыўную работу па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі, правапарушэнняў і злачынстваў, прымаюць удзел у сельскіх сходах, выступаюць перад школьнікамі, моладдзю,арганізоўваюць дабрачынныя акцыі. Толькі падчас канструктыўнага дыялогу можа быць выпрацаваны дзейсны алгарытм, як супрацьстаяць той ці іншай праблеме, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз. – Як кіраўнік выканаўчай улады, заўсёды  гатовы выслухаць прадстаўнікоў усіх рэлігійных накірункаў, з якімі б пытаннямі ні звярталіся.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Юшкевіч расказала, што на Ляхавіччыне зарэгістравана 22 рэлігійныя суполкі: па сем праваслаўных, рымска-каталіцкіх, хрысціян веры евангельскай, адна мусульманская. Ларыса Юшкевіч нагадала патрабаванні заканадаўства да правядзення масавых мерапрыемстваў. У прыватнасці яна адзначыла: Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» дазваляе бесперашкодна праводзіць богаслужэнне, рэлігійныя абрады, рытуалы і цырымоніі ў культавых будынках і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца. Таксама рэлігійныя абрады (накшталт асвячэння дамоў, хрышчэння, адпявання) пры неабходнасці могуць праводзіцца па месцы жыхарства грамадзян па іх просьбе пры ўмове захавання грамадскага парадку. Аднак, такія мерапрыемствы не павінны насіць масавы і сістэматычны характар. А вось каб правесці масавае рэлігійнае мерапрыемства ў месцах пад адкрытым небам, спецыяльна для гэтага не прызначаных, патрабуецца дазвол ад мясцовага выканаўчага ці распарадчага органа. Пра гэта гаворыцца ў Законе «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь». Заява (у ёй указваюцца мэта, від, месца, дата і час правядзення, крыніца фінансавання, маршрут руху, колькасць удзельнікаў, даныя арганізатара, прынятыя меры па забеспячэнні грамадскага парадку і меры, звязаныя з медабслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення мерапрыемства)падаецца ў пісьмовай форме не пазней за 15 дзён да даты правядзення мерапрыемства.
Ларыса Юшкевіч акцэнтавала ўвагу на тым, што ў месцах богаслужэнняў не дапускаецца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў і іншых мерапрыемстваў, якія носяць палітычны характар. Таксама пад забаронай выступленні, заклікі, што зневажаюць прадстаўнікоў органаў улады, службовых асоб і асобных грамадзян.
На пасяджэнні ўздымалася і тэма COVID-19. Пра пандэмію каранавіруса, яе распаўсюджванне ў свеце, меры прафілактыкі і барацьбы з небяспечнай інфекцыяй расказала памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Павышэнне ролі сям’і ў сучасным жыцці, выхаванне ў падрастаючага пакалення  патрыятызму, любві да блізкіх, арганізацыя вольнага часу дзяцей, моладзі, дарослых – далёка не поўны пералік спраў, якімі займаюцца рэлігійныя суполкі. Пра неабходнасць пачынаць выхаванне з маленства гаварыў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, калі дзяліўся вопытам работы з падрастаючым пакаленнем на прыкладзе дзейнасці рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, створанага на базе Дараўскага вучэбна-педагагічнага комплексу. Тэму прадоўжыла галоўны спецыяліст аддзела
па адукацыі Іна Зубік,  якая спынілася на асноўных аспектах дзейнасці цэнтра, а таксама расказала пра спецыфіку работы ва ўмовах пандэміі.Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што шмат агульных прыярытэтаў у школы і рэлігійных суполак: прапаганда здаровага ладу жыцця, адраджэнне культурнай спадчыны, выхаванне міласэрнасці, суперажывання, супрацьдзеянне распаўсюджванню насілля, наркаманіі, алкагалізму.
Напэўна, зацікавіў прысутных вопыт работы каталіцкай царквы па правядзенні дабрачынных акцый. Пра гэты накірунак дзейнасці паведаміў настаяцель касцёла Успення Божай Маці ў Дараве ксёндз Ян Глінка.
Значную ролю царква, незалежна ад таго, да якога цячэння яна адносіцца, надае барацьбе з заганамі, пад уплыў якіх трапляе чалавек. Пра змястоўную разнапланавую работу з людзьмі, якія пакутуюць ад алкагольнай і наркатычнай залежнасці, расказаў дырэктар Ляхавіцкага аддзялення місіі «Вяртанне» (размяшчаецца ў Тухавічах) рэлігійнай суполкі хрысціян веры евангельскай Дзмітрый Шэўчык.
– У нашым раёне  склалася спрыяльнае міжканфесійнае становішча, а ўзаемаадносіны органаў улады і кіраўнікоў рэлігійных арганізацый на справе канструктыўныя. Раённая ўлада аднолькава зацікаўлена ў супрацоўніцтве з прадстаўнікамі ўсіх рэлігійных канфесій, пры неабходнасці і магчымасці аказваем  дапамогу ў арганізацыі рэлігійных мерапрыемстваў. Такая пазіцыя і павінна быць у грамадстве роўных правоў. Узаемапавага, улік меркаванняў і інтарэсаў прадстаўнікоў розных рэлігій – важныя складнікі міру і згоды на роднай зямлі, –падводзячы вынікі пасяджэння камісіі, адзначыла яе старшыня Святлана Юрлевіч.

Галіна КАНЬКО.