Не дарыце вашы грошы махлярам. Факты ўчынення злачынстваў з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі працягваюць выяўляцца

На тэрыторыі Ляхавіцкага раёна пагоршылася крымінагенная сітуацыя з-за росту такіх злачынстваў, як крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі.

Нягледзячы на прынятыя прафілактычныя меры, факты ўчынення падобных злачынстваў працягваюць выяўляцца. А гэта гаворыць і пра тое, што ў плане прафілактыкі неабходна працаваць актыўней, у тым ліку ў працоўных калектывах.

1 снежня ўзбуджана крымінальная справа па факце крадзяжу грашовых сродкаў неўстаноўленай асобай, якая прадставілася супрацоўнікам банка. Пацярпелым з’яўляецца работнік УБП «ПМК-13».
8 кастрычніка ўзбуджана аналагічная крымінальная справа, пацярпелым па якой з’яўляўся работнік Ляхавіцкага райпо. У лістападзе 2020 года ў праваахоўныя органы зноў звярнуўся работнік райпо з заявай аб крадзяжы грашовых сродкаў з пластыкавай карткі. Спосаб крадзяжу застаўся ранейшым: пацярпелы сам перадаваў рэквізіты плацежнай карткі асобе, якая прадставілася работнікам банка.

Нягледзячы на размяшчэнне папераджальнай інфармацыі ў банкаўскіх установах, СМІ і інтэрнэце, грамадзяне ігнаруюць простыя правілы, што дазваляюць засцерагчы свае зберажэнні:
перадаюць іншым асобам рэквізіты сваіх банкаўскіх картак, коды пацвярджэння аперацый з плацежнай карткай у сетцы інтэрнэт, не задумваюцца пра праўдзівасць намераў зламыснікаў, якія прадстаўляюцца пакупнікамі тавараў або супрацоўнікамі банка.

Пракуратура чарговы раз звяртае ўвагу жыхароў раёна на неабходнасць быць пільнымі і асцярожнымі пры зносінах у інтэрнэце, не перадаваць незнаёмым асобам рэквізіты банкаўскіх картак, пры паступленні сумніўных званкоў або зваротаў з банка пераправяраць інфармацыю шляхам званка на афіцыйныя тэлефонныя нумары банка. Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна не павінны заставацца ў баку, неабходна падключыцца да інфармавання работнікаў пра небяспеку перадачы персанальных даных і рэквізітаў банкаўскіх картак.

Аляксей ШЧАРБАКОЎ, намеснік пракурора Ляхавіцкага раёна.