«Дзясятка» за навагодні дызайн. На Ляхавіччыне стартаваў агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый

Здаецца, да Новага года яшчэ шмат часу. Але на справе – азірнуцца не паспееце, а свята – вось яно, на парозе. Так што не варта адкладваць на заўтра тое, што можна ўпрыгожыць ужо сёння

У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Ляхавіцкага ТЦСАН падрыхтоўка да навагодніх і калядных святаў ідзе поўным ходам. Загадчыца   аддзялення Кацярына Жукоўская (на здымку ўверсе) цудоўна адчувае сябе ў ролі навагодняга дызайнера.

У аддзяленні дзённага знаходжання для  грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН
ужо дзейнічае навагодняя фотазона.

Адна з яркіх навагодніх традыцый Ляхавіччыны –  штогадовы агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый. Да ўдзелу запрашаюцца арганізацыі любой формы ўласнасці, індывідуальныя прадпрымальнікі, уладальнікі жылых дамоў. Усяго і трэба – крэатыўна, арыгінальна, эстэтычна і, зразумела, па-навагодняму святочна аформіць адміністрацыйны будынак, вытворчае памяшканне, жылы дом, тэрыторыю вакол іх. А яшчэ да 20 снежня паведаміць пра сваё жаданне паўдзельнічаць у аглядзе-конкурсе ў аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі райвыканкама (кабінет № 401) па тэлефоне 2-13-06 ці на электронны адрас lyahovideolog@brest.by.
Для вызначэння пераможцаў ствараецца камісія, якая ў перыяд з 20 снежня па 1 студзеня ацэніць навагодні дызайн канкурсантаў з улікам шэрага крытэрыяў (унікальнасць ідэі, выкарыстанне светлавога афармлення, якасць выкананых работ і г. д.) і падмацуе свае высновы фотаздымкамі з месцаў.
Пераможцы вызначаюцца ў наступных намінацыях:
сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый, арганізацый сувязі;
сярод сельскагаспадарчых арганізацый;
сярод гандлёвых аб’ектаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму;
сярод уладальнікаў індывідуальных жылых дамоў.
У кожнай намінацыі прадугледжана тры пераможныя месцы. Так што шанц атрымаць дыплом і прыз ёсць у многіх! А вы гатовы паспрабаваць сябе ў ролі навагодніх дызайнераў?