Іх справа – прававая. Штогод у першую нядзелю снежня ў Беларусі Дзень юрыста адзначаюць прадстаўнікі многіх прафесій

Гэта прафесійнае свята адвакатаў, работнікаў судоў, натарыусаў, спецыялістаў па кадрах, юрысконсультаў… Адданае служэнне закону, справядлівасць і прынцыповасць – менавіта такімі якасцямі павінны валодаць тыя, хто забяспечвае вяршэнства закона ва ўсіх сферах нашага жыцця.

Юрыдычны аддзел раённага выканаўчага камітэта другі год узначальвае Кацярына Заплёціна (на здымку). Сваю прафесію яна лічыць не толькі важнай і патрэбнай вялікай колькасці людзей, але і вельмі цікавай. Прызнаецца, што стаць юрыстам марыла з дзяцінства:

– Спачатку вельмі падабалася прафесія ўрача. І да 5 класа сур’ёзна збіралася стаць педыятрам, каб дапамагаць дзеткам. Але пасля даведалася, што ёсць такая прафесія – юрыст. Аказалася – менавіта гэта маё.

За плячыма Кацярыны Станіславаўны сур’ёзны навучальны і прафесійны багаж. З адзнакай скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «гаспадарчае права», праз тры гады – магістратуру БДУ, мае ступень магістра юрыдычных навук.

Свой прафесійны шлях пачала з роднага ўніверсітэта, дзе працавала спачатку выкладчыкам-стажорам, а потым і выкладчыкам. Дарэчы, Кацярына Станіславаўна ўжо другі навучальны год з’яўляецца старшынёй дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі ў БарДУ.

У яе працоўнай біяграфіі – восем гадоў няпростай работы на пасадзе юрысконсульта ў КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», пазней яна ўзначаліла юрыдычны аддзел камунгаса.

Лічыць, што ў любой працы галоўнае – пастаянна самаўдасканальвацца, вучыцца, пашыраць веды і набываць вопыт. Менавіта таму лепшым баўленнем часу для сябе лічыць чытанне.
Што тычыцца вучобы, то зараз вопытны юрыст у статусе слухача – навучаецца ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

– Дзейнасць юрыста, у якой бы сферы яна ні ажыццяўлялася, заўсёды накіравана на абарону інтарэсаў чалавека, грамадства і дзяржавы, фарміраванне ў грамадзянскай супольнасці высокай прававой культуры і самасвядомасці, умацаванне закон-насці і правапарадку, – пераканана Кацярына Заплёціна. – У наша агульнае свята, вам, дарагія калегі, жадаю прафесійных і асабістых перамог, невычэрпнай энергіі ў вырашэнні самых складаных прававых задач, моцнага здароўя, душэўнай гармоніі, прафесійнага росту і дабрабыту.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.