Горад запальвае ілюмінацыю. Ляхавічы пераднавагоднія каторы год запар заварожваюць і натхняюць

Сераду мінулага тыдня можна смела называць стартам пераднавагодніх клопатаў у нашым райцэнтры. Менавіта ў гэты дзень на плошчы Леніна пачалі ўладкоўваць галоўную гарадскую ёлку. Бясспрэчна, гэта справа не аднаго дня, спатрэбіцца творчая акуратная праца цэлай брыгады камунальнікаў. Але ўсе намаганні таго вартыя: у рэшце рэшт на радасць дзецям і дарослым зазіхаціць мноствам агеньчыкаў зялёная прыгажуня. А пакуль устаноўлены каркас, ашчадна выбраны ў лясах Ляхавіччыны елачкі, якія галінка за галінкай створаць адзінае пушыстае зялёнае цэлае. У хуткім часе ўпрыгожаць галоўны навагодні атрыбут бліскучыя цацкі, агеньчыкі.

– Вышыня гарадской ёлкі сёлета плануецца прыкладна ў 14,5 метра. Складзецца яна з 57 зялёных дрэўцаў, кожнае вышынёй прыблізна каля пяці метраў. Падбіралі так, каб былі аднолькавымі па пушыстасці, памерах. Прэтэндэнтак стаць часткай галоўнай гарадской прыгажуні шукалі доўга, дапамагалі работнікі лясгаса, выдзелілі нам дзялянку каля Набярэжнай, – расказвае начальнік участка добраўпарадкавання КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Уладзімір Несцяровіч.
Увогуле, Ляхавічы пераднавагоднія каторы год запар заварожваюць, натхняюць, уражваюць. Колькі прыемных эмоцый выклікалі ў снежні мінулага года аркі ў гірляндах, якія адна за адной зіхацяць у скверы каля фантана.
Летась камунальнікі карэнным чынам змянілі зімовае аблічча гарадскога парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча. Святлодыёдныя агеньчыкі ператварылі звычайную танцпляцоўку ў сапраўдную казку. У памяці многіх, хто быў удзельнікам дзейства «Навагодняга агеньчыка», арганізаванага актывістамі Маладзёжнага парламента і БРСМ, неверагоднае шоу, якое прайшло ў парку напрыканцы 2019 года. «ЛВ» прыадкрывае тайну – праграма «Агеньчыка» і сёлета плануецца захапляльнай. Так што сачыце за аб’явамі і рыхтуйцеся да сюрпрызаў.
Буйства бліскучых фарбаў, россып агеньчыкаў, цуда-гірлянды – гэта ўжо салютуе навагоддзю гарадская крынічка. А праз дарогу, насупраць, на адным з берагоў Ведзьмы нагадае пра хуткія навагоднія святы аздобленая агеньчыкамі альтанка. І тут таксама сваё слова сказалі работнікі Ляхавіцкай ЖКГ: упрыгожылі – толькі любуйся.
Упэўнена, што многія з інтарэсам чакаюць чарговага прыгожага сюрпрызу ад ТАА «Трансэлектракамплект», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ДРБУ-200, якія ўмеюць і любяць здзіўляць казачнымі навагоднімі ўпрыгожаннямі сваёй тэрыторыі. Напэўна, зноў прадэманструюць новыя ідэі ў аздабленні не толькі памяшканняў, але і ў вонкавым школы і дзіцячыя садкі.
Паводзіны надвор’я сёння такія, што восень ад зімы не адрозніш, а надыход навагоддзя не пазнаеш. Але дастаткова зайсці ў любую з гандлёвых кропак ці аб’ектаў грамадскага харчавання, каб зразумець: да нас спяшаецца чаканае ёлачна-мандарынавае свята – цуды побач!
Заўжды сваю навагоднюю фішку ў афармленні абавязкова пакажуць установы аховы здароўя, культуры. Якую шыкоўна-эксклюзіўную атмасферу навагодніх святаў штогод ствараюць у Ляхавіцкай купалаўцы! Адметна, што ніколі не паўтараюцца: творчыя ёсць творчыя. Бібліятэчнай фішкай стала святочная фотазона.
Са стартам пераднавагодніх хоць і клопатаў, але такіх прыемных!

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.