На кантролі ўчастковага – пажарная бяспека. Карэспандэнт «ЛВ» адправіўся ў рэйд

І не толькі. Як вядома, добры ўчастковы заўсёды ведае, чым «дыхае» яго ўчастак: якія адрасы праблемныя, за кім патрэбны асаблівы кантроль, каму неабходна дапамога.

Служба ўчастковага інспектара праходзіць у пастаянных зносінах з людзьмі: выезды па выкліках, прафілактычныя гутаркі і г. д.

Узімку, калі людзі актыўна карыстаюцца ацяпляльным абсталяваннем, рызыка пажараў павялічваецца. Таму, у дадатак да сваіх асноўных абавязкаў, супрацоўнікі міліцыі зараз на варце і пажарнай бяспекі: падчас рэйдаў звяртаюць увагу на стан пячнога абсталявання, нагадваюць пра небяспеку курэння ў доме.

Пра свае заўвагі яны паведамляюць у РАНС для далейшай прафілактычнай працы. У адзін з такіх рэйдаў разам са старшым участковым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргеем Хмаруком адправіўся і карэспандэнт «ЛВ».

Свой рэйд пачынаем з вёскі Зубелевічы. Першы адрас добра знаёмы супрацоўнікам міліцыі. Тут пражываюць бацька і двое сыноў. Сям’я пераехала ў вёску некалькі гадоў назад з Баранавічаў. Аднак ужо зарэкамендавала сябе як праблемная: усе трое злоўжываюць алкаголем, працуюць перыядычна, раней судзімыя.

Звычайна зімой, калі заходзіш у дом, цябе адразу абдае цёплым паветрам ад распаленай печкі. Але не ў гэты раз. У доме беспарадак, няма ні свету, ні газу, печка халодная. Дома толькі бацька. Мужчына курыць каля печкі, а над невялікім агнём сохнуць пальчаткі. У пакоі  сумная карціна: каля ложка – стул з попельніцай і цыгарэтамі.

Аб усіх парушэннях Сяргей Хмарук абяцае паведаміць у РАНС.

Рэкамендацыі гаспадару дома: прывесці ў парадак печ, не сушыць каля яе рэчы, не курыць у ложку і доме.

– Дапамагчы тым, хто асабліва ўразлівы, – пажылым людзям, і інвалідам,адзінока пражываючым, – наша задача.

Штомесяц наведваем з праверкамі па 40 чалавек з гэтых катэгорый.
А яшчэ ў зоне рызыкі людзі, якія злоўжываюць алкаголем, не адмаўляюць сабе ў задавальненні пакурыць у доме. Праводзім прафілактычныя гутаркі на гэтую тэму, а яшчэ нагадваем, як не трапіць на вуду махляроў, – расказвае ўчастковы.

На суседняй вуліцы жыве адзінокі мужчына-інвалід. Ён таксама перыядычна злоўжывае алкаголем. Дома акуратна, печ напалена і ў парадку. Аднак каля печкі заўважаем у вядры недакуркі, на стале цыгарэты. Участковы папярэджвае мужчыну пра небяспеку, настойліва просіць наогул адмовіцца ад згубнай звычкі і не курыць у доме.

Далей трымаем шлях у аграгарадок Падлессе. У доме пенсіянеркі Марыі Васюк чысціня і парадак. У свае 84 гады яна выглядае бадзёра і энергічна. Па гаспадарцы спраўляецца сама. Печ у парадку. Участковы нагадвае жанчыне пра бяспеку і рэкамендуе не ўпускаць у дом незнаёмых людзей, акуратна абыходзіцца з печчу. І яшчэ раз на ўсякі выпадак пакідае візітку са сваімі кантактамі.

Наступны дом таксама ўзорны. Тут жыве пажылая сям’я Гацько.

Печка – асобнае ўпрыгожанне дома, з чырвонай цэглы, па словах гаспадароў, нядаўна «перажыла» рамонт. Адзіная заўвага ўчастковага: не сушыць бялізну на печцы – пажаранебяспечна. У астатнім усё тыя ж рэкамендацыі: не ўпускаць у дом незнаёмцаў, менш наведваць грамадскія месцы, абавязкова надзяваць маску.

Дом за домам, вёска за вёскай… Прафілактычная праца супрацоўнікамі розных службаў вядзецца нястомна і штодня. А галоўная мэта ўсіх – звесці да мінімуму правапарушэнні і верагоднасць пажараў у горадзе і раёне.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.