З нагоды 95-годдзя ўтварэння мясцовых органаў ваеннага кіравання карэспандэнт «ЛВ» сустрэўся з ваенным камісарам Ляхавіцкага раёна

З мноства задач, якія вырашае ваенны камісарыят раёна, цяжка выдзеліць першасныя і прыярытэтныя. Усе яны носяць абароннае, а значыць важнае значэнне. З нагоды 95-годдзя ўтварэння мясцовых органаў ваеннага кіравання карэспандэнт «ЛВ» сустрэўся з ваенным камісарам раёна падпалкоўнікам Ігарам ГУСАКАМ.

— Ігар Леанідавіч, чым сённяшняя служба ў арміі адрозніваецца ад той, якая была гадоў 25 назад?
— Галоўнае адрозненне ў тым, што мы жывем на тэрыторыі суверэннай дзяржавы. Мае равеснікі і я служылі на прасторах былога Савецкага Саюза. Зараз жа салдаты нясуць службу толькі на тэрыторыі Беларусі, прыязджаюць дамоў у водпуск, ходзяць у звальненні, сустракаюцца з блізкімі. А так, служба ва ўсе часы аднолькавая: статут, жыццё па раскладзе, баявыя дзяжурствы, вучэнні, фізічная падрыхтоўка. Дастойна служыць трэба заўсёды.
— Ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Як у гэтым накірунку працуе ваенкамат?
— Ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі — адзін з асноўных фактараў забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Таму гэтай рабоце надаецца асаблівая ўвага. Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай бессмяротны. Гэта слаўная гісторыя, якую сённяшняе пакаленне абавязана ведаць і шанаваць.
Супрацоўнікі ваенкамата аказваюць дапамогу навучальным установам пры правядзенні вучэбна-палявых збораў, ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца» на палігоне ў Федзюках, цесна супрацоўнічаюць з раённай арганізацыяй БРСМ і іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, праводзячы шматлікія сумесныя мерапрыемствы. Усе афіцэры ваенкамата — члены Беларускага саюза афіцэраў, а старшыня раённай арганізацыі аб’яднання Аляксандр Русін — работнік камісарыята, актыўна ўдзельнічае разам з калегамі ў патрыятычным выхаванні моладзі.
Па традыцыі двойчы ў год у раёне праводзіцца Дзень прызыўніка, на які запрашаем прызыўнікоў для ўручэння ў святочнай абстаноўцы павестак. Прысутнічаюць на такіх мерапрыемствах і старшакласнікі. Знаёмім іх з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», расказваем пра Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, пра армейскія будні. Праводзім прафесійную арыентацыю дапрызыўнай моладзі, паведамляем пра парадак паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы. Такім чынам, усебакова інфармуем моладзь і прапагандуем прэстыж і гонар ваеннай службы.
Ваеннаслужачыя раёна прымаюць удзел ва ўсіх дзяржаўных святах, праходзяць, чаканячы крок, строем у калоне, аддаюць воінскія ўшанаванні ля помніка загінуўшым воінам. На Курган Славы штогод запрашаем вайскоўцаў 38-й асобнай мабільнай брыгады, в/ч 7404 унутраных войскаў, якія падчас святаў дэманструюць баявыя навыкі. Такая наглядная прэзентацыя ўменняў вайскоўцаў з’яўляецца выдатным сродкам выхавання: у юнакоў, што бачаць іх, загараюцца вочы і з’яўляецца жаданне служыць у элітных войсках.
— З якім настроем моладзь ідзе служыць у войска?
— Я сказаў бы з добрым — большая частка юнакоў ідзе ў армію з жаданнем. Пасля праходжання медыцынскай камісіі яны ўжо ведаюць, у якіх войсках могуць служыць. І мы ідзем насустрач, калі хлопец хоча служыць у пэўнай часці, ён будзе выконваць свой абавязак з ахвотай. Але ёсць і такія (іх адзінкі): хто ўхіляецца ад мерапрыемстваў прызыўной кампаніі, выязджае за межы рэспублікі. Не задумваючыся, што за гэта прадугледжана крымінальная адказнасць. Гадоў пяць назад прызыўнік з сельскай мясцовасці быў асуджаны за ўхіленне ад выканання воінскага абавязку. Апошнім часам у нашым раёне такіх выпадкаў не было. Рабяты разумеюць, што, адслужыўшы, яны атрымаюць перспектывы для далейшага працаўладкавання.
Існуе такое сцвярджэнне: служба пачынаецца з ваенкамата. Дарэчы, у будынку нашага райваенкамата мы размясцілі інфармацыю пра Узброеныя Сілы, іх гісторыю, Дошку гонару, фотаздымкі ляхавічан, якія добрасумленна выканалі воінскі абавязак.
— Якія змяненні адбыліся за гэтыя гады ў рабоце з прызыўнікамі?
— Вопыт работы з прызыўнікамі назапашаны гадамі, аптымізаваны. Змяненні звязаны толькі, мабыць, са змяншэннем колькасці прызыўнікоў і каштоўнаснымі арыенцірамі цяперашняй моладзі. Раней ніхто не сумняваўся, што пойдзе ў армію. Гэта было ганарова і адказна. Таму пры рабоце з дапрызыўнай моладдзю мы акцэнтуем увагу на фарміраванне неабходных якасцяў будучага абаронцы Айчыны. Згодна Закона «Аб воінскім абавязку» з’явіўся новы від службы — служба ў рэзерве. Калі юнакі спалучаюць работу і ў залежнасці ад адукацыі на пэўны тэрмін (з вышэйшай адукацыяй — на працягу 2 гадоў, без вышэйшай — на працягу 3 гадоў) прыцягваюцца на вучэбныя зборы. Але такія выпадкі вельмі рэдкія — для службы ў рэзерве неабходна мець вельмі важкую прычыну. Часцей за ўсё мы адпраўляем ляхавічан на тэрміновую службу.
— Якімі традыцыямі можа ганарыцца падначалены вам райваенкамат?
— Традыцый шмат, але галоўнае — мы шануем, помнім і паважаем сваіх ветэранаў. Запрашаем на ўсе святы былых работнікаў, ваенкамаў — падпалкоўнікаў Аляксея Дзяшко, Васілія Падзіну, Віктара Харына, палкоўніка Аляксандра Чыжонка. Годна адзначаем знамянальныя даты, дзелімся і пераймаем вопыт іншых. Усе члены калектыву, а ён у нас невялікі — 15 чалавек (з іх 4 ваеннаслужачыя, 8 — служачыя), заўсёды добрасумленна і з веданнем справы выконваюць свае абавязкі. За шматгадовую і самаадданую працу заслужылі словы падзякі служачыя Яніна Дрэка, Ніна Шабуня, Таццяна Дарашэнка. Набылі аўтарытэт граматных спецыялістаў і адказных работнікаў намеснік ваеннага камісара — начальнік мабілізацыйнай групы падпалкоўнік Аляксей Навіцкі, начальнік групы прызыву маёр Аляксандр Байчык, начальнік групы тэрытарыяльнай абароны капітан Аляксей Русін. Віншую ўсіх работнікаў ваенкамата, вэтэранаў з 95-годдзем утварэння ваенных камісарыятаў. Доўгіх гадоў жыцця і аптымізму, міру і дабра.
Гутарыла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВИЧА.

One thought on “З нагоды 95-годдзя ўтварэння мясцовых органаў ваеннага кіравання карэспандэнт «ЛВ» сустрэўся з ваенным камісарам Ляхавіцкага раёна

  • 09/04/2013 в 20:32
    Permalink

    Благодаря сотрудникам Ляховичского военкомата у ребят вырабатывается положительное отношение к армии, исчезают опасения и страхи по поводу службы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *