Пытанні ўзнаўлення статка буйной рагатай жывёлы сталі тэмай адной з апошніх апаратных нарад у Ляхавіцкім райвыканкаме

Пастфактум «просіцца» кароткае рэзюмэ: узнаўляцца трэба па-новаму.
Калі жывёлагадоўля з’яўляецца важнейшай сельскагаспадарчай галіной, то, як прагучала ў выступленні дырэктара райплемстанцыі Кацярыны Фірусь, узнаўленне статка — адзін з важнейшых складальнікаў усёй тэхналогіі. У роўнай ступені з кармленнем і ўтрыманнем гэтым абумоўліваецца і прадукцыйнасць жывёлы, і якасць атрыманай прадукцыі. Таго, што, у сваю чаргу, у значнай ступені фарміруе бюджэт сельгасарганізацый і, адпаведна, фінансавы дабрабыт іх працаўнікоў.
У 2012 годзе ў гаспадарках раёна атрымана на 120 цялят менш, чым годам раней. Асноўны недапрыплод дапушчаны ў ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» СВК «Ліпнянка», «Востраў-Агра», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Дарава».
Увага таксама была звернута і на даволі высокі паказчык атрымання мёртванароджаных цялят: у 2012 годзе — 7 працэнтам у агульнай колькасці расцёлаў.
Сярод прычын такога становішча — так званы чалавечы фактар: недапрацоўкі зааветспецыялістаў гаспадарак, несістэмнасць, а часам і фармальнасць іх работы, «цякучка» кадраў. Немалаважнай прычынай значнай колькасці мёртва-плодных расцёлаў, як адзначыла дакладчык, з’яўляецца тое, што не ва ўсіх сельгас-арганізацыях наладжана паточна-цэхавая сістэма ўтрымання жывёлы. Напрыклад, на раён дзейнічае 22 цэхі сухастою — 69 працэнтаў да патрэбнасці. Цэхі ж сухастою двух (як і павінна быць) перыядаў маюць усяго некалькі гаспадарак: СВК «Ляхавіцкі», «Шлях новы» і ДП «Нача». Адсутнасць цэхаў сухастою, радзільных аддзяленняў на глыбокай падсцілцы вядзе, у тым ліку, да таго, што расцёлы адбываюцца на прывязі ў стойлах з транспарцёрамі. Здараецца, бескантрольна, што садзейнічае гібелі плода, ці, у лепшым выпадку, зніжэнню імунітэту жывёлы. Такія выпадкі дастаткова частыя. Як і выпадкі бескантрольнасці пры асемяненні цялушак дамарошчанымі быкамі-вытворцамі, што адгукаецца не толькі недаатрыманнем цялят, але і іх заніжанай жыццяздольнасцю, і іншае.
Як адзначалася, за 2 месяцы бягучага года цялят у раёне атрымана на 53 галавы больш, чым годам раней. Але эфектыўнасць расцёлаў застаецца даволі нізкай. А вось колькасць фактаў нараджэння цялят мёртвымі, наадварот, — працягвае заставацца высокай. За 2 месяцы адзначана 147 падобных выпадкаў, што раўняецца 8 працэнтам у агульнай масе. У СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Тальмінавічы», «Шлях новы», «Дарава», «Жарабковічы», «Востраў-Агра» сярэднераённы працэнт перавышаны.
Значная, калі не сказаць вядучая, роля ў справе ўзнаўлення статка буйной рагатай жывёлы належыць тэхнікам па штучным асемяненні. Ад стараннасці людзей гэтай прафесіі, іх руплівасці, добрасумленнасці, прафесіяналізму залежыць надзвычай многае, што тычыцца работы і перспектыўнага развіцця жывёлагадоўлі. На гэты час у раёне працуюць 29 такіх спецыялістаў. Названая колькасць на 100 працэнтаў адпавядае штатнай неабходнасці сельгасарганізацый у іх паслугах. Але, як і звычайна бывае, колькасць не заўсёды азначае якасць. Існуе праблема «цякучасці» кадраў, ёсць прафесійныя недапрацоўкі, іншае.
Гаспадаркі раёна забяспечаны 38 пунктамі па штучным асемяненні. Аднак і ў гэтым выпадку колькасць не заўсёды азначае якасць: як прагучала, не ўсе з ПША адпавядаюць стандартам зааветэрынарыі. Сказанае адносіцца да фермаў «Дамашы», «Гулічы», «Сваятычы» СВК «Жарабковічы», фермы «Бенькаўцы» ЗАТ «Белпрампрыбор», фермы «Гайнінец» СВК «Тальмінавічы» і іншых.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук работу раёна па ўзнаўленні статка БРЖ ацаніў на «слабую тройку па пяцібальнай сістэме». Маўляў, двойку не паставіш — усё ж нешта робіцца. Але для цвёрдай тройкі гэтага відавочна не хапае. Райплемстанцыі і яе кіраўніку Кацярыне Фірусь трэба тэрмінова памяняць сітуацыю.
Старшыня райвыканкама чарговы раз звярнуў увагу ўдзельнікаў апаратнай нарады на прынцыпы фарміравання і памер заработнай платы тэхнікаў па штучным асемяненні. Сума павінна стымуляваць добрасумленную працу. Калі нехта з тэхнікаў стабільна дабіваецца канчаткова высокіх вынікаў у сваёй працы, яго заробкі, па меркаванні Дзмітрыя Бурдука, павінны быць на ўзроўні зарплаты кіраўніка гэтай жа сельгасарганізацыі. У сувязі з чым дырэктару райплемстанцыі даручана маніторыць сітуацыю, аналізаваць яе і штомесячна дакладваць старшыні райвыканкама аб заробках тэхнікаў па штучным асемяненні. Стымуляцыя рублём, відавочна, самая дзейсная для працаўніка. У тым ліку і занятага на кожным з адрэзкаў схемы па ўзнаўленні статка БРЖ у гаспадарках раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *