Новы год з агеньчыкам. У пераднавагодніх клопатах нельга забываць пра бяспеку

Агеньчыкі на вокнах, прыбраная ёлка, водар мандарынаў, перадсвяточная мітусня…Ва ўсіх Новы год асацыюецца прыкладна з адным і тым жа.Але некаторыя прывыклі сустракаць свята шумна і гучна – з феерверкамі, хлапушкамі,петардамі, бенгальскімі агеньчыкамі. Варта памятаць элементарныя правілы бяспекі,каб самая чароўная ноч у годзе не скончылася непрыемнасцямі.

Якое свята без навагодняй ёлкі з вялізнымі шарамі, пацеркамі, званочкамі і рознакаляровымі агнямі. Для ўзняцця пераднавагодняга настрою гірляндамі ўпрыгожваюць яшчэ і вокны, фасады дамоў, тэрыторыю ля дома. Нават у такой простай справе трэба памятаць і ведаць элементарныя правілы бяспекі пры выкарыстанні электрычных прылад для ўпрыгожвання.

– Ёлку заўсёды неабходна ўстанаўліваць на ўстойлівай падстаўцы і ўпрыгожваць толькі гірляндамі заводскага вырабу, якія павінны мець неразборную вілку. Таксама варта памятаць, што электрычныя гірлянды не цацка для дзяцей! Не дазваляйце ім самастойна падключаць упрыгажэнне да электрычнай сеткі. Не разбірайце ўключаныя гірлянды, не нацягвайце іх, беражыце ад кантакту з вадой, – раіць начальнік раённай энергагазінспекцыі Віктар Рамановіч.

Таксама варта ўлічваць, што вулічныя электрычныя ўпрыгажэнні павінны мець больш надзейную абарону ад вільгаці і пылу. Елкі на вуліцы нельга ўпрыгожваць гірляндамі, прызначанымі для хатняга выкарыстання. Купляючы ўпрыгажэнне, звярніце ўвагу на ўпакоўку, дзе абавязкова павінны быць указаны таварны знак, клас і ступень абароны ад пранікнення вільгаці і пылу, прычым лічбы на ёй павінны супадаць з лічбамі на вырабе. На кожным патроне гірлянды і на сілкавальным провадзе павінна быць маркіроўка, ва ўпакоўцы – інструкцыя па эксплуатацыі і сертыфікат адпаведнасці на выраб.

Напярэдадні Новага года традыцыйна ўзмацняецца кантроль за продажам і выкарыстаннем піратэхнікі. Але ці ўсе памятаюць, што выкарыстанне піратэхнічных вырабаў у грамадскіх месцах, а таксама ў парках, паблізу жылых дамоў і аўтамабіляў забаронена. За парушэнне заканадаўства прадугледжана адміністрацыйная адказ- насць.

За незаконную рэалізацыю піратэхнічных вырабаў парушальнікі прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці па арт.12.7 КоАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), якая прадугледжвае штраф на фізічных асоб у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь, для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 200, а для юрыдычных асоб – да 500 БВ.

За парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры да трох базавых велічынь за рэалізацыю прадукцыі ў неўстаноўленых месцах, а за несанкцыянаванае выкарыстанне піратэхнічных сродкаў у грамадскіх месцах – адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак. Калі ж за выбухамі петардаў або запускам салютаў будзе затрымана дзіця, то бацькам прыйдзецца несці адказнасць за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей (прадугледжана папярэджанне або штраф у памеры да дваццаці базавых велічынь). Акрамя таго, у выпадку прычынення значнай шкоды здароўю або маёмасці навакольных, вінаватыя могуць апынуцца на лаве падсудных.

Дадаць яркасці і бляску ў навагоднюю ноч многія спрабуюць з дапамогай бенгальскіх агнёў. Але гэты выраб можа быць небяспечным, калі ігнараваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Супрацоўнікі РАНС нагадваюць: перад тым, як выкарыстоўваць бенгальскія агні, абавязкова трэба вывучыць інструкцыю, якая павінна быць прыкладзена да вырабу ці нанесена на ўпакоўку. Бенгальскія агні трэба запальваць на адкрытым паветры, удалечыні ад лёгкаўзгаральных рэчаў: дзіцячых цацак, мішуры, пуху, тканін, спірту або алею. Класці іх можна толькі на металічную, каменную або гліняную паверхні. Не выходзьце з пакою пакуль агні не пагаснуць, а калі пагаснуць – апусціце іх у ёмістасць з вадой. Нельга дакранацца да бенгальскага агню, пакуль ён гарыць, бо можна апячыся.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Ляхавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях інфармуе, што па стане на 11 снежня  на тэрыторыі раёна зарэгістравана 35 пажараў (30 — за аналагічны перыяд 2019 года).На пажары  загінулі  9 чалавек (4 — за аналагічны перыяд 2019 года).