Песня з дыпломным працягам. «Берагіня» з Дараўскага СДК заваявала дыплом III ступені на VII Андрэеўскім фестывалі этнічных культур

Таленавітым людзям для прэзентацыі сваіх здольнасцяў каранавірус не перашкода. Ён не запаліў для выступленняў чырвонае святло, а перавёў іх у завочную форму. Прычым пашырыў творчыя кантакты і вывеў іх на міжнародны ўзровень.
Напрыклад, народная эксперыментальная група «Берагіня» Дараўскага СДК мае нямала ўзнагарод з расійскім адрасам. На міжрэгіянальным фестывалі-конкурсе народнай творчасці «Вялікі Пакроў» удастоена дыплома лаўрэата I ступені.
Анлайн-удзел у гарадскім фестывалі-конкурсе «Мікола Вешні», што праходзіў у Новасібірску, таксама прынёс званне лаўрэата I ступені.

Са свежых падзей – дыплом III ступені ў намінацыі «народная песня» на VII Андрэеўскім фестывалі этнічных культур. Самадзейныя артысты «Берагіні» запісалі відэа выканання беларускай народнай песні «Паляцеў голуб» і ўвайшлі ў тройку пераможцаў. У гэтым конкурсе харэаграфічных і вакальных калектываў, сольных выканаўцаў, якія працуюць у жанры этнічнай і народнай музыкі, мастакоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва звычайна спаборнічаюць і індыйскія, афрыканскія і іншыя этнічныя культуры.
Асабліва прыемна, што ў Падмаскоўным Сонечнагорску гучала наша родная беларуская мова. І ў гэтым заслуга «Берагіні». Яе калектыў не стамляецца эксперыментаваць, спрабаваць свае сілы ў розных творча-музычных іспытах. Атрымліваецца ў іх гэта дыпломна!
– Удзел у разнастайных конкурсах падштурхоўвае да пошуку новых формаў выступленняў, каб быць цікавымі нашым гледачам. Хочацца, каб беларуская мова гучала як мага больш, а песня паднімала настрой, – падкрэслівае кіраўнік «Берагіні» Людміла Іваноўская.
Дарэчы, у рэпертуары групы не толькі аўтэнтычныя народныя песні, а таксама аўтарскія творы і нават духоўная музыка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.