Горад у добрым праекце. СШ № 2 г. Ляхавічы далучылася да сацыяльна-экалагічнага праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі»

СШ № 2 далучылася да сацыяльна-экалагічнага праекта «Новае жыццё ў абмен на крышачкі», які накіраваны на дапамогу дзецям з асаблівасцямі развіцця. Падлічана, што ў краіне штогод на сметнікі трапляе не адна тысяча пластыкавых крышачак ад бутэлек з-пад напіткаў, сокаў, малака, парфумерыі і г. д. Іх можна перапрацаваць і атрымаць рэальныя грошы, што пойдуць на лячэнне рабят, іх рэабілітацыю, а камусьці дадуць шанц на новае жыццё.

Школьнікі з СШ № 2 стануць саўдзельнікамі такой важнай справы. Далучыцца да акцыі могуць і іншыя нераўнадушныя ляхавічане. Клопат пра наладжванне сістэмы збору ўзялі на сябе рабяты з педагагічнага класа разам з класным кіраўніком Вікторыяй Таркайла і настаўніцай англійскай мовы Вольгай Ланкуць. У фае ўстановы адукацыі з’явіцца кантэйнер для крышачак. Той, хто напаўняе тару, пазначае ў спецыяльным блакноце сваё прозвішча і колькасць пакінутых ім карысных крышачак.
Якія крышачкі патрэбны? Падыходзяць тыя, у якіх на ўнутраным баку стаіць у трохвугольніку са стрэлак код 02, 04, 05. Дарэчы, крышкі перад здачай неабходна ачысціць ад рызінавых, папяровых ці іншых укладышаў.


– Калі кантэйнер запоўніцца, груз адправім у Мінск на перапрацоўку. А грошы, выручаныя ад рэалізацыі, арганізатары праекта перададуць на дабрачынныя мэты. Акцыя працягнецца да канца снежня. Збіраючы крышкі, мы не толькі аказваем падтрымку дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, але і вырашаем пытанне эфектыўнага выкарыстання другасных рэсурсаў, – адзначыла намеснік дырэктара СШ № 2 Таццяна Доруш.
На карце збору крышак зялёнай кропкай замігаюць і Ляхавічы – горад у добрым праекце!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.