Комплекс арыентаваны на поспех. МТК «Комплекс» – адно з лепшых падраздзяленняў СВК «Ляхавіцкі»

Зоя Сяцько і Вольга Грыкель.

Жывёлагадоўля – вызначальная галіна для СВК «Ляхавіцкі».
Пакуль яшчэ ні адно аграрнае прадпрыемства раёна не дасягнула планкі, узнятай СВК па надоях. Тут па выніках 11 месяцаў  ад кожнай каровы ў сярэднім надаілі 8134 кілаграмы малака – плюс 92 кілаграмы да аналагічнага паказчыка ў 2019 годзе  (для параўнання: сярэднераённы адпаведны паказчык –  4688 кілаграмаў).
Лепшыя работнікі гаспадаркі працай славяць і сельгаспрадпрыемства, і працуюць канкрэтна на ўласны дабрабыт. На агульным фоне заўважна вылучаецца малочнатаварны комплекс «Русінавічы».

Міхаіл Хмарук.
Іван Буйко.

Вось ужо 11 гадоў, як МТК у дзеянні. Памяшканні тут не новыя, аднак уладкаваныя, добраўпарадкаваныя. На пастаянным кантролі кіраўніцтва «Ляхавіцкага» – умовы працы жывёлаводаў. Абсталяваны пакой, дзе работнікі комплексу могуць адпачыць пасля працы – папіць кавы, гарбаты, пагаварыць, вырашыць надзённыя пытанні. Паклапаціліся і пра камфорт: ёсць пральная машына-аўтамат, мікрахвалёўка, чайнік. Асаблівы падыход да аховы працы – усе забяспечаны належным спецадзеннем, а падчас пандэміі каранавіруса – маскамі і антысептыкамі.
– Надой – гэта ўжо канчатковы вынік доўгага ланцужка тэхналагічнага працэсу, дзе  важнае кожнае звяно. Прычым задзейнічана не толькі жывёлагадоўля, але і раслінаводства. Пасеяць і вырасціць добры ўраджай, нарыхтаваць кармы, арганізаваць спажыўны рацыён для жывёлы, стварыць належныя ўмовы працы для работнікаў – толькі пры наяўнасці ўсіх гэтых складнікаў можна дабіцца поспехаў, – упэўнена заатэхнік-селекцыянер СВК «Ляхавіцкі» Галіна Ксёнжык.
Яе словы пацвярджаюць лічбы. На адным з лепшых падраздзяленняў «Ляхавіцкага» яны ўражваюць: сярэднясутачны надой на рагулю (на сёння дойны статак тут – 417 кароў) – 22 кілаграмы, і гэта, няхай не намнога (на адзін кілаграм), але  ўсё ж больш, чым у цэлым па гаспадарцы. Плюсуе комплекс і па валавым надоі на карову за 11 месяцаў – 8670 кілаграмаў (плюс  290 кілаграмаў да 2019 года).
Малако з «Русінавіч» прадаецца на малочны завод выключна гатункам экстра, што стала добрай вытворчай традыцыяй.
Тлустасць тут таксама высокая – 3,76 працэнта (сярэдняя па «Ляхавіцкім» – 3,73 працэнта), таварнасць перавышае 95 працэнтаў.
Тры гады комплекс «Русінавічы» ўзначальвае Мікалай Азімка. Мікалай Канстанцінавіч – заатэхнік, доўгі час працаваў у райплемстанцыі, таму спецыфіку работы ведае вельмі добра і як тэарэтык, і як практык.
– Зараз на розных участках задзейнічана 18 чалавек. Літаральна пра кожнага скажу: не падвядуць. Зона адказнасці ў кожнага свая, а вось задача агульная – атрымаць высокія надоі пры высокай якасці, – адзначае Мікалай Азімка.
Майстар-клас, як знайсці малочны падыход да сваіх падапечных,
з году ў год дэманструюць вопытныя аператары машыннага даення Вольга Грыкель і Зоя Сяцько. З іх бяруць прыклад не толькі тутэйшыя аператары машыннага даення, але і калегі з іншых гаспадарак раёна. За 11 месяцаў іх звяно атрымала ад кожнай каровы  8670 кілаграмаў малака.
Адразу некалькі абавязкаў ускладзена на Валянціну Чарняўскую і Святлану Гаар. Ім даверана важная місія – выхоўваць самых маленькіх падапечных – цялятак. А яшчэ яны аператары машыннага даення на раздоі. Што адна, што другая справа патрабуе асаблівай увагі. Заходзім у вялікі дзіцячы садок-цялятнік. У кожнага з малых свой утульны домік.
– У нашай групе цяпер 89 цялятак ва ўзросце ад нараджэння да двух месяцаў. Кожную раніцу пачынаем з агляду падапечных. Даём прапісаныя лякарствы, поім, кормім, падсцілаем, –  гаворыць Святлана Гаар.
У будынку насупраць цялятніка пакоі адведзены для рагуль, якія цяпер на раздоі. Тут гаспадарыць Валянціна Чарняўская.
– Зараз на раздоі 40 кароў. Адны спакойныя, але ёсць і наравістыя, да іх патрэбны асаблівы падыход. Працую ў гаспадарцы больш за
16 гадоў, за гэты час многаму навучылася. Неаднойчы ўпэўнівалася, што жывёла, як і чалавек, любіць, калі пра яе клапоцяцца, – дзеліцца Валянціна Чарняўская.

Святлана Гаар.

За здароўе жывёлы ў «Ляхавіцкім» у адказе ветэрынарная служба, якую ўзначальвае Дзмітрый Козел. Свая спецыфіка работы ў тэхніка-асемянатара і ўрача-гінеколага Івана Буйко, ветурача-артапеда Мікалая Жарскага, ветурача-тэрапеўта Уладзіміра Гараховіча.
Наш Ягоравіч, як доктар, любую няспраўнасць вылечыць – выдатны спецыяліст. Так расказваюць пра аператара па абслугоўванні даільнага абсталявання Міхаіла Хмарука, які ў «Ляхавіцкім» шчыруе 12 гадоў. Работы ў яго хапае, але Міхаіл Ягоравіч ніколі не скардзіцца на цяжкасці, нягледзячы на тое, што працоўны дзень пачынае без чвэрці шэсць гадзін раніцы.
– Проста раблю сваю работу. Падабаецца тое, чым займаюся. Хачу, каб усё працавала, як па гадзінніку. Атрымліваю задавальненне, калі ўдаецца справіцца са складанай паломкай. Галоўнае, своечасова справіцца з праблемай і зрабіць усё магчымае, каб яна не паўтарылася зноў, – гаворыць Міхаіл Хмарук.
Шмат абавязкаў у жывёлаводаў Генадзія Горбіка, Сяргея Ходара, Аляксандра Юруця. Яны стараюцца, каб каровы і цяляты былі добра дагледжаны, заставаліся накормленымі і чыстымі, ды і вакол МТК было прыбрана і добраўпарадкавана.
МТК «Русінавічы» неаднойчы прадстаўляў раён на міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра». У 2016 годзе рагуля па мянушцы Ластаўка стала другой у намінацыі «лепшая племянная карова». На «Белагра-2018» Лазурка атрымала дыплом ІІІ ступені.
– Канешне, прыемна, што наша сельгаспрадпрыемства задае тон у малочнай жывёлагадоўлі раёна. Аднак, гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць, неабходна пастаянна падтрымліваць пазіцыі. Удзячны ўсяму калектыву, бо менавіта ён аўтар усіх працоўных перамог сёння і гарант поспеху гаспадаркі ў будучым , – адзначае старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Валянціна Чарняўская.