Службовыя кватэры для лясных ахоўнікаў змайстравалі работнікі Ляхавіцкага лясгаса

Усё, як і ў людзей. Каб зацікавіць і прыцягнуць да сябе на працу асабліва каштоўнага ці хоць бы і проста неабходнага работніка, многія арганізацыі прапаноўваюць дадатковыя бонусы. У выглядзе службовай кватэры, напрыклад. З папраўкай на свет жывёл, такімі можна ўспрымаць і шпакоўні, што кожнай вясной з’яўляюцца ў розных «квадратах» лесу. На пачатку красавіка «квартал» свежых шпакоўняў з’явіўся пры дарозе, якая злучае райцэнтр з Задвор’ем. Пейзаж, здаецца, ажыў, кавалачак лесу прыдбаў паркавую ўтульнасць. Прыемна, але не галоўнае. Як расказала намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка, на мове прафесіяналаў гэта называецца біялагічным метадам аховы лесу. Шпакоўні з’яўляюцца дадатковай прынадай для птушак, якія ў пошуках корму знішчаюць лясных шкоднікаў. Падобная кампанія праводзіцца штовесну. Сёлета, напрыклад, было змайстравана і развешана ва ўгоддзях лясгаса паўтары сотні штучных гнездаванняў. Шпакоўняў, як правіла.
Ёсць і іншыя біяметады аховы «зялёнага сябра». Так, у наступным месяцы лесагаспадарнікі прыступяць да агароджвання мурашнікаў. Гэтыя насякомыя, аказваецца, таксама стаяць на варце лясных багаццяў. Між іншым, практыкавалася раней і рассяленне мурашнікаў. Аднак, справа вельмі складаная, поспех гарантаваўся не заўсёды.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *