Да дыялогу запрашаюцца. Грамадскія прыёмныя даюць магчымасць кожнаму быць пачутым

У вырашэнні кожнай праблемы важны дыялог. Грамадскія прыёмныя даюць магчымасць кожнаму быць пачутым, весці канструктыўнае абмеркаванне неабходных пераменаў, выказаць сваю ідэю. Жыхары Ляхавіччыны таксама могуць агучыць свае прапановы па развіцці эканомікі, сацыяльнай сферы, маладзёжнай палітыкі. У мінулую сераду на пытанні неабыякавых і зацікаўленых землякоў адказвала начальнік юрыдычнага аддзела Ляхавіцкага райвыканкама Кацярына Заплёціна.

– Практыка грамадскіх прыёмных – магчымасць для ляхавічан выказаць свае ініцыятывы і прапановы, якія будуць тычыцца не толькі змяненняў у Канстытуцыю, але і жыцця Ляхавіччыны і ўсёй краіны ў цэлым. Землякі могуць атрымаць кансультацыю па розных пытаннях, бо ў грамадскіх прыёмных працуюць разнапрофільныя і кампетэнтныя спецыялісты ў сваіх галінах, – адзначыла Кацярына Заплёціна.

Юрыспрудэнцыя – навука шматгранная, таму пытанні Кацярыне Станіславаўне адрасаваліся з розных сфер жыцця. Першае гучала наступным чынам. Дзяўчына-студэнтка зараз рыхтуецца стаць маці, вучыцца на платнай аснове, але пасля нараджэння дзіцяці браць акадэмічны водпуск не плануе. Зямлячку цікавіла, можа яна ў такім выпадку разлічваць на выплаты па доглядзе за дзіцем ці такога права не мае?

– Канешне, можа. У адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей» асобам, якія фактычна ажыццяўляюць догляд за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў і адначасова атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю ў дзённай форме, дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў прызначаецца і выплачваецца ў памеры: на першае дзіця – 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў па краіне, на другое і наступных дзяцей – 40 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы,незалежна ад атрымання стыпендыі, – патлумачыла Кацярына Заплёціна.

Наступнае пытанне датычылася чэкаў «Жыллё». Гараджанін цікавіўся, што можна цяпер зрабіць з неперарэгістраванымі чэкамі. Як адзначыла Кацярына Заплёціна, у даны момант у абароце знаходзяцца толькі чэкі «Жыллё», перарэгістраваныя да 1 студзеня 2006 года.

Жыллёвыя пытанні заўсёды актуальныя. Ляхавічанін звярнуўся ў грамадскую прыёмную з наступным пытаннем. Мужчына працуе ў Баранавічах у структуры МУС. Ці можа ён стаць на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў не ў Ляхавічах, а ў Баранавічах?

Згодна з артыкулам 38 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, улік грама-дзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, працуюць або праходзяць службу ў дзяржаўных органах, размешчаных у іншай мясцовасці, ажыццяўляецца па месцы працы гэтых грамадзян, а па іх жаданні – таксама па месцы жыхарства.

Ірына КУЗЬМІЧ.