Талент ад талентаў. Самадзейныя артысты Ляхавіччыны заваёўваюць сваёй творчасцю інтэрнэт-прастору

Каранавірус змяніў многія звыклыя абставіны нашага жыцця, але і паказаў: якія б складаныя ўмовы ні дыктаваў час, экзамен беларусы здаюць годна ў любой экстрэмальнай сітуацыі. Прадпрыемствы і арганізацыі працуюць практычна ў тым жа рытме. Хоць і давялося падстройвацца пад выклікі сучаснасці, часам мяняць профіль, прадэманстраваць сваю ўніверсальнасць, гібкасць, здольнасць падмяніць адзін аднаго, падтрымаць у складанай сітуацыі. Працуюць сістэмы аховы здароўя, адукацыі, сацабароны і іншыя.

У складанай сітуацыі аказаліся культработнікі. Адну з галоўных рыс гэтай творчай сферы – масавасць – прыйшлося падкарэкціраваць, дапоўніць арыгінальнасцю і вынаходлівасцю. І заваяваць ужо інтэрнэт-прастору.
Дыплом за дыпломам пацвярджаюць, што няма перашкод для творчасці. І нават на запісаным відэароліку ляхавіцкія выканаўцы гучаць ярка і захапляюча. Таму пацвярджэнне – шматлікія дыпломы, граматы, лаўрэацтва ў розных конкурсах.
Апладысменты дараўскаму сугуччу галасоў – народнай эксперыментальнай вакальнай групе «Берагіня» і яе кіраўніку Людміле Іваноўскай, вакальнай групе «МелаДар» (кіраўнік Алеся Камская) за пераможнае гучанне ў міжнародным фестывалі-конкурсе народнай творчасці «Вялікі Пакроў». Ізноў жа «Берагіня» і «МелаДар» вярнуліся з дыпломамі з гарадскога фестывалю-конкурсу ў Новасібірску. Дыпломнымі сталі і адкрыты ўсерасійскі фестываль-конкурс нацыянальных культур «Восень залатая- 2020», Андрэеўскі фестываль этнічных культур.


Лістапад у міжнародным плане стаў знакавым для Навасёлкаўскага СДК, а дакладней для ўдзельніцы «Вечарніцы» Дар’і Саванчук. Яна лаўрэат міжнароднага фестывалю мастацтваў «#BYFEST». Яе кіраўнік Таццяна Пішч атрымала Падзячнае пісьмо за неацэнны ўклад ў выхаванне дзяцей, падтрымку таленавітай моладзі, супрацоўніцтва і плённую працу.
Паспяхова выступіў у абласным фестывалі аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе-2020» (дарэчы, праходзіў таксама ў відэафармаце) узорны драматычны тэатр «Равеснік» Тухавіцкага СДК.
Пералічваць можна доўга. Але зразумела адно – творчасць сапраўды без межаў. Сёння мы бачым, што з’явіліся новыя формы работы. Цяпер  у звыклым фармаце праводзім анлайн-мерапрыемствы. Такі варыянт свята асабліва важны для камерных фарматаў. У інтэрнэце канцэртныя пляцоўкі збіраюць не адну тысячу праглядаў – столькі гледачоў наўрад ці сабралася б у канцэртнай зале раёна. Такім чынам пашыраем геаграфію і дэманструем высокі ўзровень нашых калектываў.


«Пайшлі ў бой» у культурным плане падчас кавіду і маладыя, і вопытныя супрацоўнікі. Ужо ў сакавіку калектывы пачалі шукаць магчымасці для правядзення творчых сустрэч дыстанцыйна, запісваць майстар-класы. Кожны вызначыў зручны для сябе мэсэнджар і аптымальны фармат: хтосьці займаецца анлайн, хтосьці запісвае відэасюжэты. Відэавіншаванні прымалі медыкі ў сваё  прафесійнае свята ад культработнікаў. Так, у нашых работнікаў стала больш работы, давялося перафармаціравацца і знайсці новыя шляхі супрацоўніцтва з гледачом. Але мы выканалі адну з галоўных задач –не страцілі асноўныя склады калектываў, не згарнулі творчую дзейнасць і працягваем радаваць цяпер не толькі землякоў.
Дарэчы, традыцыйны дабрачынны канцэрт (ідэйны стваральнік – студыя «Экспрэс») сёлета збярэ больш удзельнікаў – кожны калектыў Ляхавіччыны жадае падарыць цуд там, дзе ў яго вераць.
Таму трымаем сувязь, цяпер і анлайн!

Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар раённай цэнтралізаванай  клубнай сістэмы.