На крылах магчымасцяў. У мінулую пятніцу ў фае СШ № 1 было цёпла і светла ад радаснага настрою хлопчыкаў і дзяўчынак

У мінулую пятніцу ў фае СШ № 1 было цёпла і светла ад радаснага настрою хлопчыкаў і дзяўчынак – тут падводзілі вынікі першага этапу абласной выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей-інвалідаў і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Я+ТЫ = МЫ». Удзел у конкурсе прынялі 34 навучэнцы з 15 устаноў адукацыі раёна, сярод якіх не толькі школы, але і дзіцячыя сады, цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Больш фота тут

– Журы было няпроста выбраць лепшыя работы, у якія рабяты ўкладвалі не толькі свае ўменні, а і нават часцінку душы.
А многія клеілі, выразалі, малявалі разам з бацькамі і педагогамі –
гэта вельмі важна для такіх дзяцей, – адзначыла член журы галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Святлана Галееўская.


Дыплом I ступені заваявала пано «Крылы магчымасцяў», якое разам стварылі навучэнцы СШ №1 Марыя Афанасьева, Алена Касцюк, Крысціна Ракашэвіч, Ксенія Сідор. «Маміна шчасце» –  так называецца работа, якую разам з мамай і сястрычкай зрабіў навучэнец ЦКРНіР Іван Катола. Сямейная творчасць
адзначана дыпломам II ступені. Дзве гэтыя работы працягваюць спаборніцтва ў абласным этапе. «Бронзу» падзялілі паміж сабой школьнікі Дараўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Карына Высоцкая і Вера Знавец (пано «Навагодняе») і навучэнец ЦКРНіР Арцём Новік. Мама Арцёма Юлія расказала, што з сынам пастаянна што-небудзь майструе, і дапамагае ім у творчай справе бабуля. На гэты раз пано назвалі «Мы – промні сонца».
Дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская шчыра павіншавала дыпламантаў з перамогай і пажадала рабятам цудаў і спраўджвання мараў, а дарослым – радавацца поспехам сваіх родных і верыць у казку.


Сімвалічна, што конкурс фінішаваў на Ляхавіччыне падчас дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці». Сярод тых, хто не першы год лічыць за гонар стварыць юным землякам навагодні настрой, – калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. І на гэты раз «газавікі» прыбылі з падарункамі ад галіновага прафсаюза – усе дыпламанты конкурсу атрымалі куфэркі з цукеркамі. Рабят шчыра вітаў начальнік раёна газазабеспячэння Руслан Капанько і адрасаваў усім прысутным самыя добрыя пажаданні.

Як і заўсёды, нераўнадушная і спагадлівая раённая арга-нізацыя Беларускага саюза жанчын. У гэты ж дзень з падарункамі яе старшыня Вольга
Бурак, дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская, Дзед Мароз са Снягуркай завіталі ў сям’ю ляхавічан Аляксандра і Наталлі Ціхавых, дзе выхоўваюцца чацвёра дзяцей – Валерыя, Анастасія, Уладзіслаў, Сяргей.
Цуды толькі пачынаюцца. У сілах кожнага дарослага стварыць свята для рабят, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.