Сёння перад аграрыямі Ляхавіччыны стаіць адказная задача — адсеяцца хутка і якасна

З пастаўленымі задачамі «Шлях новы» справіцца, перакананы галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Рамейка, механізатары Валерый Кісялевіч і Аляксандр Дзядовіч.

Зацяжная зіма зрабіла сваю справу — сяўба сёлета пачалася са значным спазненнем. І сёння перад аграрыямі стаіць адказная задача — адсеяцца хутка і якасна. На Ляхавіччыне аднымі з першых у поле выйшлі ў СВК «Шлях новы»: з мінулага панядзелка тэхніка працавала на палетках, гатовых да сяўбы. Першымі ў раллю ляглі зернебабовыя. А наогул яравы клін гаспадаркі — 1082 гектары, з якіх 290 адведзены пад пшаніцу, 310 — пад ячмень.
— Гэты год унікальны, калі гаварыць пра сяўбу. Напрыклад, у мінулым годзе па стане на 18 красавіка мы завяршылі сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых. А сёлета адначасова трэба пакласці ў зямлю і пшаніцу, і ячмень, і буракі, і кукурузу. З надвор’ем не паспрачаешся, — тлумачыць спецыфіку пасяўной-2013 галоўны аграном «Шляху новага» Аляксандр Рамейка.
Тэхніка ў СВК даўно ў поўнай пасяўной гатоўнасці, у дастатковай колькасці і паліва. Паклапаціліся ў гаспадарцы і пра тых, хто ў полі, — усе забяспечаны абавязковым 2-разовым гарачым харчаваннем. Як адзначыў Аляксандр Рамейка, пры неабходнасці, калі адначасова зямля прагрэецца на ўсіх палетках, сяўба будзе весціся ў дзве змены.
Цяпло прыйшло — сяўбе дарогу!
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *