Давайце верыць у цуды! Умеюць у Навасёлкаўскім СДК ствараць настрой і са звычайнага дзейства рабіць свята

Умеюць у Навасёлкаўскім СДК ствараць настрой і са звычайнага дзейства рабіць свята. У гэтым упэўніліся днямі работнікі васьмі фермаў і мехдвара ААТ «Шлях новы». Да іх на вытворчыя ўчасткі завітаў Дзед Мароз са Снягуркай, ды не звычайныя – музычныя.

Віншавалі шчыра, песенна і весела. Нават карагоды вадзілі і прыпеўкі выконвалі. А яшчэ ўсім працаўнікам ад гаспадаркі раздавалі падарункі. На віншавальным шляху самадзейных артыстаў суправаджала намеснік дырэктара ААТ па ідэалагічнай рабоце Святлана Сянчук.


– Вельмі прыемна было павіншаваць усіх працаўнікоў з надыходзячым Новым годам. У сельскай гаспадарцы, звычайна, асабліва няма калі святкаваць. Таму хацелася стварыць настрой
прама на працоўным месцы. І віншавальную праграму назвалі «Давайце верыць у цуды!». Лічу, што задума атрымалася. Пачулі шмат слоў удзячнасці і шчырых віншаванняў, – адзначылі культарганізатар Таццяна Пішч і акампаніятар Навасёлкаўскага СДК Іван Пішч.
А пасля самадзейны тандэм арганізаваў тэатралізаваную віншавальную паштоўку «Сюрпрызы ад Дзеда Мароза» ў дзіцячых садках аграгарадкоў Навасёлкі, Конькі і Дарава. Уручылі хлопчыкам і дзяўчынкам ад ААТ «Шлях новы» 82 салодкія пачастункі.

Наталля НЕСЦЯРОВІЧ.